Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІВАШКЕВІЧ КАЖА, ШТО ПРАЦЫ Ў БАРАНАВІЧАХ БУДЗЕ ШМАТ


Алесь Горбач, Баранавічы

Ля будынку Баранавіцкай раённай спэцкамэндатуры па вуліцы Пралетарскай, 32 Віктара Івашкевіча сустракалі сябры мясцовай арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, іншых дэмакратычных суполак, агулам каля дваццаці чалавек. Як патлумачыў кіраўнік мясцовай філіі БАЖ Алег Панамароў, прысутныя гэтак хацелі выказаць сваю маральную падтрымку спадару Івашкевічу.

(Панамароў: ) “Мы прыйшлі сюды ў першую чаргу для таго, каб падтрымаць свайго калегу, свайго сябра, аднадумца. Мы цяпер у такім становішчы, што любы з нас можа апынуцца на яго месцы. Таму няхай Віктар Івашкевіч ведае, што мы аднаго яго не пакінем у бядзе, мы заўсёды разам”.

Сам Віктар Івашкевіч, які прыехаў на мікрааўтобусе ў суправаджэньні Генадзя Быкава і іншых сяброў Свабоднага прафсаюзу, стараўся выглядаць бадзёра і нават жартаваў:

(Івашкевіч: ) “Справа ў тым, што я ў Баранавічах ужо адбываў два гады — з 1979 па 1981 год у “страйбаце”. Я вось ехаў і думаў: дзе гэта тая мая вайсковая частка? Думаю, што я яе цяпер знайду. Ёсьць такі, ведаеце, момант настальгіі. Ну а так — у камандзіроўку прыехаў. Мне Вячорка даручыў тут працу па БНФ, Ліцьвіна — па БАЖы, а Бяляцкі — па праваабарончым цэнтры “Вясна”. Працы будзе шмат”.

Пра справу аб паклёпе на прэзыдэнта начальства спэцкамэндатуры чула, а вось тое, што асуджаны па гэтай справе рэдактар газэты будзе адбываць тэрмін свайго пакараньня менавіта ў іхнай установе, тут даведаліся толькі сёньня ад журналістаў.

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу пры Баранавіцкім РАУСе зь нядаўняга часу засталася адзінай у горадзе. Разьлічаная яна на 250 месцаў. Кантынгент розны: неплацельшчыкі алімэнтаў, асуджаныя за рабаўніцтва, хуліганства, парушэньні правілаў дарожнага руху, іншыя ня дужа цяжкія злачынствы. Працуюць асуджаныя на розных прадпрыемствах гораду, а таксама ў калгасах раёну. Віктару Івашкевічу патлумачылі, што ягоным працаўладкаваньнем будуць займацца заўтра. А сёньня ён можа абжывацца на новым месцы.
XS
SM
MD
LG