Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт на Свабодзе: Віктар Івашкевіч


Перадача з архіву Радыё Свабода. Сьнежань 2012 году.

Калі газэта “Рабочы” павялічвала колькасьць старонак да 16 палосаў, галоўны рэдактар прыдумаў такі рэклямны ход:

(Івашкевіч: ) “Зьмясьціў сваю фотку і сам прыдумаў назву — “Тоўсты “Рабочы”.

Аб’ёмістая фігура Віктара Івашкевіча заўважная здалёк. І ў непасрэдным, і ў пераносным сэнсе. Зрэшты, найперш Віктар Івашкевіч сваю дзейнасьць атаясамлівае не з рабочым рухам, а зь Беларускім Народным Фронтам:

(Івашкевіч: ) “Яшчэ ў 1988 годзе ў арыенціроўках кампартыі было напісана: “Івашкевич. Из маргинальных слоёв. Выдаёт себя за рабочего”. Гэта камуністы яшчэ тады раскусілі (сьмяецца). Пад “лічынай” рабочага я усё роўна — БНФ”.

Таго ж меркаваньня сын Віктара Івашкевіча Стась:

(Стась: ) “Бацька мой найперш палітык. Ён заўсёды ўсе свае заняткі падпарадкоўваў адной і той жа мэце. І газэта, і прафсаюзы, і грамадзкая дзейнасьць”.

На апошнім перад адпраўкай Віктара на “хімію” сойме партыі БНФ я зрабіў міні-апытаньне:

(Арэшка: ) “Гэта важкі, надзейны, пазытыўны элемэнт”.

(Зянковіч: ) “Вельмі зычлівы й шчыры чалавек”.

(Трыгубовіч: ) “Івашкевіч — гэта заўсёды фантан ідэяў. Для справы, у якую ён верыць, гатовы апошнюю кашулю зьняць і аддаць. А паколькі ён чалавек вялікі, то заўсёды ёсьць адчуваньне, што аддасьць шмат”.

(Лабановіч: ) “Гэта пазытыў, надзейнасьць і практычнасьць, скіраваная на вынік”.

(Лабковіч: ) “Гэта адзін з найлепшых мэнэджэраў-арганізатараў, якія ёсьць у нашай партыі”.

(Мікульская: ) “Маштабная асоба, разумны вельмі”.

Маці Віктара Галіна Івашкевіч прыгадвае, што сын ужо зь дзіцячых гадоў адчуваў сябе палітыкам:

(Галіна Івашкевіч: ) “На бульвары мы жылі. Увечары выйшла яго клікаць, а ён размову ладзіць са сваімі аднагодкамі. Акурат выбары мусілі быць, і я чую ягоны галасок: “Гэта ўсё фарс!” (сьмяецца). Гадоў дванаццаць яму было, ён ужо разумеў, што гэта ўсё фарс”.

Дзяцінства Віктар Івашкевіч правёў на бульвары Шаўчэнкі ў Менску. Нарадзіўся ў 1959 годзе. Скончыў журфак БДУ, працаваў у розных рабочых спэцыяльнасьцях. Мае жонку й 19-гадовага сына. Бацькі Віктара паходзяць з ваколіцаў Менску. Тэма палітыкі была заўсёды табу ў сям’і. Толькі дарослым чалавекам Віктар зразумеў, чаму. Ягоная маці нарадзілася й гадавалася ў вёсцы Зялёны Луг — недалёка ад Курапатаў. Узгадвае Галіна Івашкевіч:

(Галіна Івашкевіч: ) “Я ў маці ўсё пыталася: “Мама, а што там за плот такі?” А яна ўсё дзёргае мяне, дзёргае й кажа: “Не глядзі туды, не глядзі туды! Туды прывозяць забіваць”.


* * *

Захапленьнем на ўсё жыцьцё, гобі для Віктара Івашкевіча сталася гісторыя. Сёньня ці ня тры чвэрці бібліятэкі складаюць кніжкі па гісторыі. Вось якая гульня была ў Віктара ў падлеткавым узросьце:

(Івашкевіч: ) “Мы, напрыклад, пісалі ў 16 гадоў дысэртацыі адзін аднаму: “Як бы я падавіў Вялікую Акцябрскую рэвалюцыю”.

На пачатку 1980-х ідэя адмаўленьня савецкасьці ператвараецца для Віктара Івашкевіча ў стваральную ідэю беларушчыны. Віктар знаёміцца з асяродкам “майстроўцаў” і “талакоўцаў” Вінцука Вячоркі, Сяргея Дубаўца, Сержука Сокалава-Воюша й Алеся Сушы. Разам слухалі “Led Zeppelin” і “Dееp Рurple”. Разам адкрывалі для сябе ды іншым нязнаную гісторыю Беларусі. Кажа Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Многія ўжо забыліся, што менавіта ён разам зь іншымі ад пачатку 1980-х ствараў нелегальныя суполкі, рэальны моладзевы нацыянальны рух задоўга да ўсялякіх “перастроек”.

Віктар узгадвае, што быў адным з самых заможных, бо працаваў грузчыкам і зарабляў ажно 400 рублёў:

(Івашкевіч: ) “Падпольнай суполкай я быў прызначаны апекуном “Мроі”. Таму што ў мяне тады, як у багатага грузчыка, быў касэтны магнітафон. Я іх нацыяналістычна апрацоўваў (сьмяецца)”.

Лідэр гурту “NRM”, тагачаснай “Мроі”, Лявон Вольскі кажа, што ўплыў Івашкевіча на малады рок-гурт быў велічэзны:

(Вольскі: ) “Пачаўся ўплыў з таго, што нам гаварылі, маўляў, вы міжсобку гаворыце па-беларуску, як зачынены гурток. А трэба з усімі па-беларуску гаварыць”.

Але, вядома, самы галоўны ўплыў любога бацькі — на сына. Віктар браў Стасіка паўсюль — на вечарыны “Майстроўні”, у вандроўкі, на мітынгі.

(Івашкевіч: ) “Першы раз мяне арыштавалі, калі мне было 28, а яму адпаведна 4 годзікі”.

Сёньня Стась вучыцца на экакнаміста. Стась кажа, што сябруе з бацькам, але канфлікту пакаленьняў яны не пазьбеглі. Найбольшыя спрэчкі вакол рэфармаваньня беларускага грамадзтва. Маўляў, трэба шукаць новых шляхоў. Кажа Стась:

(Стась: ) “Але сам я дастаткова цьмяна ўяўляю, якія ёсьць альтэрнатывы. Але ў глябальных пытаньнях мы згаджаемся”.

Найбольшую крытыку Віктар атрымліваў ад дзеячоў рабочага руху. Маўляў, ставіць палітыку на першае месца, а сацыяльныя і прафэсійныя праблемы — на другое. Так мяркуе актывіст рабочага руху Сяргей Антончык:

(Антончык: ) “Ён так думаў, я думаў так, але я не хацеў бы зараз казаць штосьці крытычнае ў бок Івашкевіча, таму што ён зараз асуджаны”.


* * *

Прысуд на “хімію” стаўся неспадзяваным для маці:

(Галіна Івашкевіч: ) “Вой, ня думала, што ён на “хімію” патрапіць”.

Сын Стась больш разважлівы:

(Стась: ) “Я стаўлюся да гэтага дастаткова спакойна. Разумеючы, што гэта ёсьць прафэсійная рызыка ягонай працы”.

Сам Віктар Івашкевіч жартуе — маўляў, на “хіміі” займее магчымасьць крыху скінуць вагу. А таксама выправіць некаторыя недахопы ў сучасных ведах:

(Івашкевіч: ) “Мушу далучыцца да цывілізацыі. І самому без пасярэдніцтва сакратаркі залазіць у той жа Інтэрнэт, каб быць у кантэксьце падзеяў”.


* * *

Віктар Івашкевіч. Палітык, грамадзкі дзеяч, рабочы, журналіст, адраджэнец, джэнтэльмэн. Заўсёды наперадзе, але не на самым версе. Як кажа сам Віктар, не на сцэне, а за кулісамі:

(Івашкевіч: ) “З аднаго боку, я палітык, з другога боку, я вельмі люблю смакі жыцьця”.

Заўсёды вясёлы, упэўнены. Чалавек, які любіць жыцьцё.
XS
SM
MD
LG