Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЫХТУЕЦЦА ПАГАДНЕНЬНЕ МІЖ ДЗЯРЖАВАЮ І БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВОЮ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: філёзафы Валянцін Акудовіч і Алесь Анціпенка

(Валер Карбалевіч: ) “Падчас сустрэчы Лукашэнкі з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), якая адбылася ў чацьвер, бакі дамовіліся аб падпісаньні адмысловага пагадненьня паміж дзяржаваю і праваслаўнай царквою.

Саюз паміж палітычным рэжымам і праваслаўнай царквою пачаў стварацца даўно, амаль адразу пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады. Асаблівую моц працэс абдзяржаўленьня праваслаўнай царквы набыў пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году. Вядома, што мітрапаліт Філарэт блаславіў канстытуцыйны пераварот, ажыцьцёўлены Лукашэнкам. У адказ БПЦ атрымала фінансавую і іншую падтрымку з боку дзяржавы. Лукашэнка зааявіў падчас сустрэчы, што праваслаўная царква стала часьцінкаю дзяржавы.

У гэтым годзе быў прыняты закон “Аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных аганізацыях”, які зарыентаваны ў першую чаргу на падтрымку праваслаўнай царквы, і таму выклікаў гучныя межрэлігійныя спрэчкі.

Падчас згаданай сустрэчы было заяўлена, што ў студзені-лютым наступнага году будзе падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж дзяржаваю і БПЦ у розных сфэрах. Такім чынам, мы стаім напярэдадні стварэньня, умоўна кажучы, беларускага канкардату. І ўзгаданы закон, і плянаванае пагадненьне зьяўляюцца ўвасабленьнем юрыдычнага замацаваньня абдзяржаўленьня БПЦ. Але падаецца, што гэта ня проста пераход ад дэ-факта да дэ-юрэ. Хутчэй за ўсё, гэта нейкая якасная зьмена месца і ролі БПЦ у краіне.

Навошта патрэбнае ўладам юрыдычнае замацаваньне абдзяржаўленьня Беларускай праваслаўнай царквы менавіта зараз?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Навідавоку, што гэтым крокам Лукашэнка распачынае сваю прэзыдэнцкую кампанію за трэці тэрмін. Гэта ня першы яго крок на гэтым шляху, але, магчыма, адзін з самых буйных.

Іншы бок. Некалькі часу назад, падчас выбуху канфлікту Беларусі й Расеі я казаў, што БПЦ — гэта “пятая калёна” Расеі ў Беларусі. Я не ўлічыў адной акалічнасьці. БПЦ, дэ-юрэ знаходзячыся пад кіраўніцтвам Расейскай праваслаўнай царквы, праз мэханізмы, якія прапаноўвае Лукашэнка, становіцца ўсё больш беларускай і ўсё больш падначаленай яму асабіста.

І калі надыдзе час “Х”, час разрыву, канфлікту з Расеяй, то БПЦ будзе так павязаная мэханізмамі ўлучэньня ў беларускую дзяржаўную сыстэму, што калі яна атрымае загад з Масквы, яна ня зможа яго выканаць, нават калі й будзе такое жаданьне. Таму што ўсе структуры царквы на месцах, яе сярэдняе зьвяно моцна залежаць ад улады матэрыяльна ды іншым чынам. Таму яны будуць падтрымліваць уладу”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Акудовіч выказаў думку, што чарговыя крокі да зьвязу ўлады і БПЦ трэба разглядаць у пляне вырашэньня задачы трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Лукашэнка шукае саюзьнікаў, кансалідуе іх вакол сябе.

Але я хацеў бы паглядзець на расейскі чыньнік трохі зь іншага боку. Лукашэнку зараз патрэбныя саюзьнікі ў Расеі. І саюз з БПЦ можа ставіць мэту зрабіць Расейскую праваслаўную царкву сваім лабістам у Расеі, сярод расейскай эліты. А вы як мяркуеце, спадар Анціпенка?”

(Алесь Анціпенка: ) “Чыньнік падрыхтоўкі да трэцяга тэрміну, рэфэрэндуму можа мець месца. І палітычнаму лідэру ніколі ня шкодзіць рыхтаваць падмуркі для палітычных кампаніяў. Але я б адзначыў іншыя моманты, якія мне падаюцца важнымі. Мець дачыненьні з уладай, часам нават вельмі шчыльныя — гэта ў традыцыях Расейскай праваслаўнай царквы.

Саюз з БПЦ — гэта пошук уладамі дадатковых магчымасьцяў уплываць на палітычную сытуацыю ў краіне. Эканамічная сытуацыя пагаршаецца, хоць і павольна. У краіне нарастаюць розныя праблемы. Відавочна, што папулісцкі рэсурс узьдзеяньня на электарат значна зьменшыўся. Таму трэба шукаць новыя падпоркі.

Супрацоўніцтва рэжыма з БПЦ узаемавыгаднае. Лукашэнка гаварыў аб ідэалёгіі. Чаму б не скарыстаць веру як ідэалягічны інструмэнт уплыву на значную частку беларускага насельніцтва? Людзі царквы вельмі дысцыплінаваныя. Таму гэта вельмі зручная сыстэма камунікацыі з той часткай беларускага насельніцтва, якая зьяўляецца праваслаўнай”.

(Карбалевіч: ) “Мы высветлілі пытаньне, навошта рэжыму патрэбны зьвяз з царквой. Але ўзьнікае і адваротнае пытаньне: а які сэнс так моцна зьвязваць сябе з уладаю ў БПЦ? Таму што тут акрамя відавочных плюсаў ёсьць і відавочныя мінусы. Нягледзячы на тое, што як сказаў спадар Анціпенка, саюз зь дзяржаваю зьяўляецца даўняй традыцыяй праваслаўнай царквы, гэта нясе для царкоўных структураў пэўную небясьпеку.

Асабліва небясьпечнае цеснае яднаньне з палітычным рэжымам у пераходным грамадзтве, калі рэжымы няўстойлівыя. Тым больш, калі браць пад увагу, што існуючы ў Беларусі рэжым, згодна ацэнак большасьці экспэртаў, ня мае гістарычнай пэрспэктывы, яго палітыка супярэчыць асноўным грамадзкім тэндэнцыям, якія дамінуюць у рэгіёне, Эўропе і сьвеце.

Пра такія пагрозы для царквы сьведчыць і вопыт Югаславіі. Калі дыктатарскі рэжым Мілошавіча прадэманстраваў няўстолівасьць, Сэрбская праваслаўная царква выступіла супраць яго. Але нягледзячы на ўсё, БПЦ ідзе на цесны зьвяз з палітычным рэжымам, аказвае яму ўсялякую падтрымку. Як бы вы гэта растлумачылі?”

(Акудовіч: ) “Можна вылучыць вэрсію, што за такой палітыкай БПЦ стаіць памкненьне да яе аўтанамізацы, самастойнасьці, дыстанцыяваньня ад Расейскай праваслаўнай царквы. Але нават калі такая вэрсія і мае грунт, я ня думаю, што гэта самае істотнае.

Самае істотнае палягае ў тым, што сутнасьць царквы бізантыйскага тыпу — заўсёды падпарадкаваньне ўладзе, падпарадкаваньне моцнаму ўладару, а, магчыма, нават і слабому, каб толькі ён быў не слабейшы за саму царкву. Так было стагодзьдзямі ў Расеі й ня толькі ў Расеі.

І асобныя выключэньні, як палітыка згаданай Сэрбскай царквы альбо прыклады супраціву Расейскай праваслаўнай царквы (выдзяленьне рознага кшталту катакомбных цэркваў і інш.) нічога па сутнасьці ня мяняюць. Праваслаўная царква заўсёды падпарадкоўваецца ўладзе. Прычым якая б улада ні была, добрая ці дрэнная. Досьвед стагодзьдзяў давёў, што такая арыентацыя на ўладу — гэта аптымальны шлях. Нягледзячы на страты, якія нясе царква ад такой палітыкі. Расейская праваслаўная царква панесла значныя страты ад падтрымкі Сталіна і ўсяго камуністычнага рэжыму.

А ўвогуле, царква такі інстытут, які ня ведае ні гонару, ні сораму ў шляхетным разуменьні гэтага слова. Яна жыве па іншых законах. Напрыклад, па закону, які сфармуляваў Аўгусьцін Блажэнны: любі Бога і рабі што хочаш. І калі сытуацыя патрабуе падтрымліваць Лукашэнку, то БПЦ яго і падтрымлівае”.

(Карбалевіч: ) “Падчас сустрэчы Лукашэнкі з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы беларускі кіраўнік заявіў, што БПЦ зьяўляецца актыўным удзельнікам усіх тых пераўтварэньняў, якія адбываюцца ў дзяржаве. Фактычна гэта азначае, што БПЦ нясе адказнасьць за ўсё тое, што наварочаў Лукашэнка за гады свайго праўленьня. Спадар Анціпенка, ці ня здаецца вам, што БПЦ ігнаруе зараз вядомы біблейскі запавет: Богу — божае, цэсару — цэсарава?”

(Анціпенка: ) “Думаю, што гэта вельмі слушнае пытаньне. Я хацеў бы адказаць на яго ў двух плашчынях. Па-першае, думаю сапраўды, БПЦ парушае згаданы вамі біблейскі запавет, ідзе на зьвяз з уладаю. Справа ня толькі ў тым, што павінен дзейнічаць прынцып сьвецкай дзяржавы, дзе царква і ўлада аддзеленыя адна ад адной. Галоўнае тое, што царква сама павінна ўсімі сіламі дыстанцыявацца ад улады. Бо яе прызначэньне іншае. Яна не зь дзяржаваю, яна з Богам. А ў дадзеным выпадку мы бачым саюз БПЦ з цэсарам.

Другая плашчыня. БПЦ — самая буйная канфэсія ў краіне і самая дынамічная ў пляне пабудовы новых цэркваў. Але для будаўніцтва патрэбныя грошы. У краіне, у якой людзі ўсё больш бяднеюць, будаваць цэрквы на ахвяраваньні вернікаў, вельмі складана альбо нават немагчыма. Таму БПЦ мае прагматычны інтарэс, разьлічвае на фінансавую падтрымку дзяржавы ў памнажэньні сваёй маёмасьці”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, саюз улады і БПЦ набывае новыя формы і замацоўваецца юрыдычна. Гэта стварае іншую палітычную і рэлігійную сытуацыю і можа мець значны ўплыў на стан грамадзтва асабліва напярэдадні чаканых буйных палітычных кампаніяў у Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG