Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТУГАЛІЯ НЯ ХОЧА “ПЕРАДАВАЦЬ ДАЎГІ”


Юры Сьвірко, Вена

Перамовы йшлі ў суботу і ў нядзелю. Я зьвязаўся з прэсавым сакратаром партугальскай дэлегацыі ў АБСЭ Антоніў Капінья. Ён заявіў, што партугальскі бок ня будзе рабіць ніякіх заяваў да канца гэтых перамоваў. Перамовы працягнуцца і ў панядзелак, і пакуль цяжка сказаць, калі яны скончацца. Але ўжо вядома, што 21-22 сьнежня ў Вене пачынаюцца калядныя вакацыі і ўсе партугальскія дыпляматы зьбіраюцца ехаць дадому, таму фактычна застаўся адзін тыдзень.

На маю просьбу Антоніў Капінья зьвязаўся са старшынём Сталай Рады АБСЭ, кіраўніком дэлегацыі Партугаліі ў Вене амбасадарам да Кошта. Амбасадар заявіў, што пакуль рана казаць пра нейкія вынікі і што лепш спытацца ў беларускага боку, што ж будзе з гэтымі перамовамі.

Партугалія старшынюе ў АБСЭ толькі сёлета. З 1 сьнежня старшыняваць у гэтай арганізацыі будуць Нідэрлянды, і Партугалія, якая ўвесь год змагалася зь Беларусьсю, каб вызначыць лёс Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, ня хоча “перадаваць даўгі”, як тут кажуць, наступнаму старшыні – Нідэрляндам.

Як сказаў Антоніў Капінья, зь Менску прыехалі на перамовы адмысловыя дарадцы. Яны прасілі іх не называць, і партугальцы таксама ня хочуць іх называць. Але партугальскі бок вельмі спадзяецца, што ў пачатку тыдня, ці прынамсі да канца тыдня, да Калядаў, далейшы лёс місіі АБСЭ ў Менску будзе вырашаны.
XS
SM
MD
LG