Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІ АЦАЛЕЛЫ БУДЫНАК МЕНСКАГА ГЕТА ЗНАХОДЗІЦЦА ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНОСУ


Ганна Соўсь, Менск

Каб дасьледаваць гісторыю менскага гета і лягеру сьмерці Трасьцянец, Дортмундзкі міжнародны адукацыйны цэнтар разам з Саюзам беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў распачаў рэалізацыю сумеснага праекту “Гістарычная лябараторыя”. Тлумачаць Віктар Балакіраў, беларускі дырэктар Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру:

(Балакіраў: ) “Справа ў тым, што гістарычныя лябараторыі існуюць у Нямеччыне ўжо 50 гадоў. Яны зьявіліся пасьля другой усясьветнай вайны. На базе гэтай гістарычнай лябараторыі плянуецца стварыць навуковы калектыў зь беларускіх і нямецкіх гісторыкаў, якія б займаліся архіўнымі дакумэнтамі ў Беларусі й Нямеччыне. Плянуецца, што гэтыя матэрыялы будуць перакладацца на беларускую й нямецкую мову, а потым будуць зьяўляцца публікацыі ў Нямеччыне й Беларусі. Таксама плянуецца зрабіць дзьве вялікія выставы, адная прысьвечаная лягеру “Трасьцянец”, а другая — менскаму гета”.

Галоўная ідэя праекту палягала ў тым, каб гістарычная лябараторыя месьцілася ў нейкім гістарычным будынку. І было вырашана абраць для гэтага цагляны будынак на вуліцы Сухой, які месьціцца на тэрыторыі былога гета. У ім падчас вайны жылі габрэйскія сем’і. Амаль год нямецкі бок вёў перамовы зь менскімі ўладамі наконт гэтага будынку і нарэшце была заключаная дамова на арэнду. Тлумачыць Віктар Балакіраў:

(Балакіраў: ) “Галоўная праблема была ў тым, што гэты будынак падлягае зносу. Там зьбіраюцца будаваць станцыю мэтро, а таксама амбасады. Таму й былі цяжкасьці з атрыманьнем будынку. Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў і абшчынаў заключыў дамову зь Міністэрствам прамысловасьці на арэнду гэтага будынку, але з агаворкай, што мы будзем карыстацца ім да таго моманту, калі будынак ня пойдзе пад знос. Толькі знойдуць інвэстара, тады й будуць будаваць”.

Працягвае прэзыдэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін:

(Левін: ) “Чаму менавіта гэты будынак? А што выбіраць, калі нічога не засталося ад гета? Усё ці зруйнавалі, ці забудавалі новымі дамамі. Таму мы й узялі гэты будынак, каб хоць нечым нагадаць аб мінулым. Ён можа быць зьнесены. Ну што рабіць?”

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьяўляецца будынак гісторыка-культурнай каштоўнасьцю?”

(Левін: ) “Не”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна надаць яму такі статус?”

(Левін: ) “Я думаю, што нам не дадуць гэтага, бо нам яго аддалі на час. Калісьці нашае аб’яднаньне ставіла пытаньне, каб усю зону, дзе было гета, узяць пад ахову, але ж гэта таксама не было зроблена”.

Будынак цяпер у аварыйным стане. Ад нямецкага боку ўжо атрыманыя грошы на ягоную рэканструкцыю.
XS
SM
MD
LG