Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРА ШТО КАЖУЦЬ ВЫНІКІ ПЕРШЫХ ЭТАПАЎ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі й намесьнік старшыні БСДП “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк

(Віталь Цыганкоў: ) “Можна падвесьці вынікі другога этапу кампаніі мясцовых выбараў — фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Вынікі наступныя: у камісіях амаль ня будзе прадстаўнікоў дэмакратычнай плыні. Сёньня ў нас у “Экспэртызе” ўдзельнічаюць прадстаўнікі партыяў, якія маюць процілеглыя пазыцыі наконт удзелу ў мясцовых выбарах.

КХП БНФ фактычна адзіная партыя, якая вырашыла ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах, БСДП бярэ ў іх чынны ўдзел. Ці гэтыя падзеі вакол фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў неяк паўплывалі на вашую пазыцыю? Ці не аслабілася вашае перакананьне наконт неабходнасьці ўдзелу ў выбарах?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Мы зараз ганарова абвяшчаем, што нашая партыя зьяўляецца пераемніцай самай старой дэмакратычнай партыі ў Беларусі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады. За ўсе гэтыя гады, калі яна існавала, з гісторыі добра вядома, што працаваць зь людзьмі трэба. І мы працуем, як дае магчымасьць прававая, палітычная, эканамічная сытуацыя.

Мы ня ставім сабе мэтаў, якіх немагчыма дасягнуць. Мы разумеем, што гэтыя выбары, як і ўсе, што адбыліся за апошнія гады — гэта фарс, гэта антыдэмакратычныя кампаніі. Але гэта пакуль што адзіная магчымасьць адносна легальна працаваць з насельніцтвам, згуртоўваць свае партыйныя структуры, рыхтаваць сябе, трэніраваць сябе, як на Алімпійскія гульні.

Урэшце ў гэтых выбарах будуць удзельнічаць амаль усе палітычныя партыі. Калі два гады таму на выбарах у Палату прадстаўнікоў пайшло няшмат партыяў, большасьць іх байкатавалі, то зараз, акрамя адной КХП БНФ, усе ідуць на мясцовыя выбары. Мы не чакалі, што ўлада нас пусьціць у камісіі, што ўлада адчыніць дзьверы перад нашымі кандыдатамі. Але мы працуем, зьвяртаемся, прапаноўваем людзей, і хоць патроху нешта адбываецца”.

(Юрась Беленькі: ) “Гаворку зараз трэба весьці пра іншае. Любая палітычная партыя, як правільна было сказана, ставіць сабе палітычныя мэты і робіць пэўныя захады, каб іх дасягнуць. Калі партыя не зусім уяўляе сабе, чым той ці іншы крок можа закончыцца для іхных мэтаў, то трэба моцна задумацца — удзел ці няўдзел…”

(Цыганкоў: ) “Чым можа скончыцца ўдзел партыяў у мясцовых выбарах?”

(Беленькі: ) “Мэта была сфармуляваная Аляксандрам Лукашэнкам. Як ён заявіў, гэтыя выбрары маюць выключнае значэньне для яго і для ягонай каманды. Значыць, удзел у выбарах — гэта ёсьць садзеяньне дасягненьню мэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Яны на паверхні.

Па-першае, гэта легітымізацыя рэжыму Лукашэнкі. Па-другое, выбары, як ён сказаў, будуць “генэральнай рэпэтыцыяй” для выбару “нашых парлямэнтароў”. З улікам таго, што ідзе падрыхтоўка Канстытуцыйнага акту, магчыма, што пад гэтыя выбары будуць прыстасаваныя такія падзеі, як правядзеньне рэфэрэндуму па зьнішчэньню сувэрэннага статусу нашай краіны. І сам факт удзелу апазыцыйных партыяў, прыцягненьне імі свайго электарату на гэтыя выбары будзе спрыяць зьнішчэньню незалежнасьці Беларусі”.

(Нісьцюк: ) “У стаўленьні да беларускага сувэрэнітэту я б гэтыя мясцовыя выбары ніяк не прывязваў. Добра вядома, што ніякага рэфэрэндуму 2 сакавіка не адбудзецца. Будуць толькі выбары ў мясцовыя саветы. Таму, я думаю, гэта штучна прывязваць. Рэфэрэндум будзе — гэта зразумела, але, відаць, у канцы 2003-га –– пачатку 2004 году.

Для нас існуе толькі адно палітычнае крэда — партыя нешта робіць альбо ня робіць нічога. Галоўнай мэтай, якую мы ставім — партыя павінна прыйсьці да ўлады, стаць кіраўнічай у дзяржаве. Але ніхто нам найбліжэйшым часам, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, ня дасьць працаваць па дэмакратычных законах. Трэба працаваць па тых, якія ёсьць.

І тут партыя атрымлівае тое, што шмат хто ўжо не атрымаў, байкатуючы выбары два гады таму. У арганізацыйнай працы падчас выбараў мы ствараем новыя структуры і набываем новых сяброў партыі. У ідэалягічнай працы мы маем магчымасьць за грошы бюджэту прыйсьці да людзей, да якіх нас не пускаюць, і сказаць, што мы хочам ім сказаць. Мы маем магчымасьць узмацніць міжнародныя стасункі — міжнародныя партнэры кантактуюць з тымі, хто мае здольнасьць нешта рабіць. Таму адбываюцца пазытыўныя моманты ў жыцьці нашай партыі, і мы бачым у выбарах вельмі вялікую магчымасьць пашырыць гэтыя моманты”.

(Цыганкоў: ) “Як КХП БНФ бачыць свае пэрспэктывы ўдзелу ў палітычным жыцьці? Ці не баіцца партыя, што страціць неабходны палітычны досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях? Замест гэтых выбараў якія вы бачыце формы палітычнай актыўнасьці, якія стратэгічныя мэты зараз сабе ставіце?”

(Беленькі: ) “Партыя актыўна ўдзельнічае сёньня ў палітычным жыцьці. І тут я бы хацеў падкрэсьліць адну рэч, якая прагучала з вуснаў калегі. Яна тычыцца мэтаў існаваньня партыі — “для пашырэньня, узмацненьня структураў” і гэтак далей. І гэтая выбарчая кампанія, як было сказана спадаром Нісьцюком, выкарыстоўваецца менавіта з гэтай мэтай.

У нас кардынальна іншая мэта ў сёньняшняй сытуацыі для дзейнасьці нашай партыі. Наша мэта — абарона незалежнасьці краіны. Таму мы ўсю нашую палітычную дзейнасьць вывяраем менавіта з гэтай стратэгіяй — як наш крок паўплывае, ці ён будзе спрыяць абароне незалежнасьці ці будзе пагаршаць сытуацыю ў гэтым сэнсе.

З гэтага пункту гледжаньня мы праводзім сваю партыйную работу. Мясцовыя выбары — гэта толькі пэўны адносна кароткі пэрыяд часу. Ніхто не забараняе палітычнай партыі сёньня весьці шырокую партыйную працу як сярод сваіх прыхільнікаў, так і з усім грамадзтвам, што мы і робім. Нашыя структуры ладзяць пікеты ў абарону незалежнасьці, зьбіраюць грошы і ўсталёўваюць крыжы ў Курапатах, праводзяцца іншыя акцыі, як 26 верасьня ў абарону сувэрэнітэту нашай краіны.

Але самае галоўнае — нашае грамадзтва, дзякуючы ў першую чаргу такой тлумачальнай працы, пачынае інакш ацэньваць многія палітычныя падзеі, пачынае мець блізкую да нас пазыцыю па многіх кірунках. Два гады таму сытуацыя была ў гэтым пляне горшая, у адносінах у грамадзтве да сувэрэнітэту, сёньня яна лепшая. Мы бачым гэтую тэндэнцыю. У палітыцы вельмі важна адсочваць тэндэнцыю, выкарыстоўваць і ўплываць на яе”.

(Цыганкоў: ) “Зараз, да 16 верасьня, праходзіць этап фармаваньня акружных выбарчых камісіяў. І як лічаць многія аналітыкі, менавіта там, у акружных і ўчастковых камісіях, адбываюцца асноўныя падзеі. Бо калі на нейкім участку адбудуцца фальсыфікацыі, гарадзкая, напрыклад, камісія нічога ня можа зрабіць, а толькі зацьвердзіць пратаколы ўчастковай. Як справы з участковымі камісіямі? Ці зьбіраецца БСДП вылучаць туды сваіх прадстаўнікоў?”

(Нісьцюк: ) “У Менску 10 акружных камісіяў, у кожную зь іх будзе прапанаваны наш чалавек. Мы будзем накіроўваць у розныя ўзроўні саветаў амаль 300 чалавек. І кожны з кандыдатаў будзе прапаноўваць у камісію свайго прадстаўніка. Нам прыемна, што ў тым годзе не было нікога. А зараз хаця бы пяць чалавек мы прасунулі ў тэрытарыяльныя камісіі. Прасунем і ва ўчастковыя. Недагледзіць усяго ўлада зь Менску. Нехта прапусьціць, а нехта наўмысна гэта зробіць, бо ўжо і намэнклятура не падтрымлівае гэты рэжым”.

(Беленькі: ) “Улада будзе ўсё рабіць, каб правесьці пад сваім кантролем і са сваімі загадзя вызначанымі вынікамі гэтыя псэўдавыбары. Мы ж у сваю чаргу будзем рабіць усё, каб гэтыя выбары не адбыліся, каб людзі не прыйшлі. Каб усяму сьвету была прадэманстраваная пазыцыя беларускага народу, што гэтая ўлада не абраная нашым народам і не выяўляе яго інтарэсаў. Таму мы будзем заклікаць, каб люзі ня ўдзельнічалі ў гэтых выбарах. Задача наша дастаткова простая, ясная, і наколькі сьведчаць нашыя кантакты зь людзьмі, дастаткова зразумелая нашым выбарцам”.
XS
SM
MD
LG