Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЯК КААПЭРАТЫЎНЫ ПАРТНЭР ЭЎРАЗЬВЯЗУ?


Ул. інф.

Найбольшыя дэбаты выклікаў сёньняшні даклад мангаймскай дасьледчыцы, доктара паліталёгіі Астрыд Заам. Тэма — “Беларусь як каапэратыўны партнэр Эўразьвязу?” Паводле нямецкага экспэрта (з гэтым згодная большасьць удзельнікаў дыскусіі), наступствы пашырэньня Эўразьвязу могуць быць для Беларусі надзвычай сур’ёзнымі.

З аднаго боку, краіна ў выніку актыўных гандлёвых апэрацыяў вымушаная будзе адпавядаць эўрапейскім стандартам. Гэта пазытыўны момант. Зь іншага боку, Беларусь, як вынікае з агульнай тэндэнцыі цяперашняга саміту ў Капэнгагене, належыць да краінаў, якія ня маюць пэрспэктываў на ўступленьне ў Эўразьвяз.

Канкрэтна беларуская сытуацыя ў гэтым зьвязку выглядае ўвогуле беспрэцэдэнтнай. Расея разглядаецца Захадам як буйны стратэгічны партнэр Эўропы, Украіна — таксама, Беларусь — не. Паводле немцаў, краіна становіцца такім чынам ізаляванай, нават на ўзроўні дыялёгу.

Бэрлінец Андрэас Рор, які браў удзел у абмеркаваньнях, па спэцыяльнасьці — праграміст. Але як чалавек, які неаднойчы бываў у Беларусі, ён лічыць сябе зацікаўленым у эўрапейскім разьвіцьці краіны.

(Рор: ) “Я не адзіны жыхар Бэрліна, які лічыць, што нямецкія ды эўрапейскія палітыкі надаюць мала ўвагі гэтай краіне. На жаль, колькасьць актораў на гэтай палітычнай сцэне надзвычай абмежаваная. Беларусь стала выключнай прэрагатывай адказных чыноўнікаў. Канечне, палітыка Лукашэнкі ня можа быць праігнараваная Нямеччынай на любым узроўні. Я супраць таго, каб гэтая краіна ўспрымалася толькі нэгатыўна, з адценьнем зьнявагі.

Як вынік, адлегласьць на 800 кілямэтраў паміж Менскам і Бэрлінам становіцца значна большай. Мы абмяжоўваем сябе духоўна з тае прычыны, што ня езьдзім проста так у Менск, каб паслухаць беларускую опэру ці ўзяць удзел у навуковай канфэрэнцыі. Цалкам згодны са спадарыняй Заам: супрацоўніцтва зь Беларусьсю на самых розных узроўнях важнае для нас стратэгічна. Калі мы не наладзім яго, то будзем мець шмат праблемаў”.

У дакладзе доктара паліталёгіі Астрыд Заам шмат увагі надавалася і цяперашнім дачыненьням паміж Менскам і Эўропай. Паводле дасьледчыцы, сёньня ўсе палітыкі ды аналітыкі зьвязваюць іхную будучыню з вынікамі перамоваў наконт місіі АБСЭ, якія цяпер праходзяць у Вене.

(Заам: ) “Як мне падаецца, тут ёсьць складаныя нюансы. З аднаго боку, Менск мусіць быць зацікаўлены ў тым, каб пытаньне зь вяртаньнем КНГ было вырашанае яшчэ сёлета. Гэта важна для беларускага кіраўніцтва зь фінансавага гледзішча. Бо ў іншым выпадку, у будучым годзе ў АБСЭ будзе іншая магчымасьць для выкарыстаньня гэтых грошай.

З другога боку, Менск мае пэўны інтарэс, каб місія не вярнулася ў Менск да таго часу, пакуль ня будуць праведзеныя мясцовыя выбары. Што да часовага абмежаваньня мандату місіі, тут ніякіх пытаньняў ня будзе.Тут, як мне падаецца, ёсьць агульная згода. Калі ж гаварыць пра паўнамоцтвы КНГ, неабходнасьці ўзгадненьня ейных крокаў зь беларускім урадам, то гэта ў часе перамоваў будзе адным з самых складаных пытаньняў”.

Абмеркаваньне беларускага пытаньня ў Бэрліне працягнецца да 18 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG