Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПУЦIН ПЛЯНУЕ БЕЛАРУСКI ПЕРАВАРОТ”


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Перадусiм аўтары агляду адзначаюць, што Лукашэнка, якi спавядае “савецкi падыход” да замежнай i ўнутранай палiтыкi, мае сваiм апiрышчам у Расеi скрайнiх нацыяналiстаў i камунiстаў. Яны, у сваю чаргу, выкарыстоўваюць ягоную варажэчу да пашырэньня НАТО i ЗША. У 1996 годзе Лукашэнка, якi меў на мэце адрадзiць СССР, змог пераканаць былога расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына стварыць саюз дзьвюх дзяржаваў.

На думку брытанскiх аналiтыкаў, гэтая палiтыка пацярпела крах з прыходам да ўлады Ўладзiмера Пуцiна, якi меней антызаходнi, меней варожы да НАТО i, што самае iстотнае, нiколi не дазволiў бы Лукашэнку ачолiць саюз дзьвюх дзяржаваў. Пуцiн перанёс акцэнт на распрацоўку стратэгiчных адносiнаў з Украiнай, якая пачала пераарыентоўвацца на Расею ў той самы год, калi Пуцiн прыйшоў да ўлады. А пасьля таго, як Украiна i Расея ўтварылi гэтым летам газавы кансорцыюм, плян пабудовы газаправоду ў абыход Украiны быў адкладзены.

Пуцiн з гумарам ставiцца да iдэi беларускага калегi, каб абедзьве краiны былi роўнымi партнэрамi ў палiтычным саюзе. Пуцiн разумее, што Беларусь проста хоча атрымліваць субсыдыi паводле савецкага прынцыпу. А тым часам запазычанасьць Беларусi павышаецца.

Дагэтуль, – адзначаецца групай “Джэйн”, – абедзьве краiны ня могуць пагадзiцца ў прынцыпах функцыянаваньня саюзу. Летам Пуцiн прапанаваў свой плян, паводле якога, па сутнасьцi, Беларусь стала б часткай Расеi, а ня роўным партнэрам. Гэта выклiкала лютасьць Лукашэнкi, якi ўсё болей занепакоены, што Масква рыхтуе пляны скiнуць яго i паставiць болей згаворлiвую асобу. Таму Лукашэнка забаранiў рэгiстраваць у Беларусi расейскiя газэты, якiя крытычна ставяцца да ягонага рэжыму. Зьменшаны аб’ём вяшчаньня расейскiх тэлеканалаў. А ў жнiўнi пралукашэнкаўская газэта надрукавала запiсаную КГБ на стужку размову саюзьнiка Пуцiна Барыса Нямцова зь беларускiм апазцыйным лiдэрам Анатолем Лябедзькам, у якiм субяседнiкi абмяркоўвалi магчымыя сцэнары зьвяржэньня Лукашэнкi з дапамогай Масквы. Расейская прэса, наблiжаная да Пуцiна, таксама надрукавала дэталi пошуку Крамлём шляхоў адхiленьня ад улады Лукашэнкi.

Усё гэта брытанскiя аналiтыкi лiчаць доказам таго, што Масква шукае адпаведнага яе iнтарэсам кандыдата на беларускага прэзыдэнта, тым самым запабегчы балятаваньню Лукашэнкi на трэцi тэрмiн. Паводле сцэнару, посьпех перавароту можа быць забясьпечаны супрацоўнiцтвам расейскiх выведных службаў з прарасейскiмi асобамi ў беларускiм КГБ i парлямэнце. Брытанскiя аналiтыкi выказваюць таксама меркаваньне, што такое вырашэньне праблемы беларускага рэжыму, напэўна, вiталася б Захадам, а Вашынгтон падказаў Маскве, што такi вынiк быў бы сумяшчальным з удзелам Расеi ў глябальнай вайне з тэрарызмам. А паколькi Лукашэнка дапамагае краiнам з тэрарыстычнымi рэжымамi, то ён выглядае зусiм апраўданай мiшэняй.

Пытаньне магчымых плянаў Масквы адхiлiць ад прэзыдэнцкай пасады Аляксандра Лукашэнку апошнiм часам дыскутуецца даволi шырока. Ёсьць i iншыя меркаваньнi. Так, адзiн зь вядучых распрацоўшчыкаў палiтычнай стратэгii ў Рэспублiканскай партыi ЗША Брус Джэксан пасьля нядаўняга наведаньня Менску ў iнтэрвiю газэце “Белорусский рынок” адрынуў магчымасьць якiх-небудзь змоваў цi плянаў перавароту з боку як Расеi, гэтак i ЗША. Цытую Джэксана: “Я ня думаю, што ў Расеi дапазна не кладуцца спаць, пакуль ня вызначацца, як iм заўтра паўплываць на Беларусь… Палiтыка ЗША адносна Беларусi характарызуецца ў першую чаргу адсутнасьцю асаблiвай увагi да яе… Вашая краiна ня ёсьць закладнiкам цi ахвярай змовы памiж нейкiмi там дзяржавамi… Упэўнены, што лёс Беларусi, у першую чаргу, у яе ўласных руках”.
XS
SM
MD
LG