Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЦІ ЧАРНОБЫЛЮ


Кастусь Бандарук, Прага

Паводле Рэспубліканскай асацыяцыі пэдыятраў ў Менску, цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ў гомельскай і магілёўскай абласьцях выразна павялічылася колькасьць захворваньняў сярод дзяцей да 14 году жыцьця. Найбольш пашыраныя хваробы – гэта рак шчытападобнай залозы, лейкемія, пухліны і запаленьне вачэй ды вушэй, рэсьпіраторныя і дэрматалягічныя праблемы. З абсьледаваньня 18 тысячаў жыхароў Хойніцкага раёну, праведзенага Акадэміяй Навук, вынікала, што 93% усіх захворваньняў зьвязаныя з Чарнобылем.

Хаця чарнобыльская катастрофа ўжо даўно перастала быць сэнсацыйнай навіною, многія дабрачынныя арганізацыі ў ЗША спрабуюць дапамагаць ахвярам трагедыі. Адна з такіх арганізацыяў-заснаваны ў 1993 годзе ў Сан-Дыега Фонд “Дзеці Чарнобыля”. Валанцёры з гэтай арганізацыі на сродкі цэркваў і прыватных донараў запрашаюць беларускіх дзяцей у Каліфорнію. Дырэктарам Фонду ёсьць Сьвятлана Красынская, родам з Украіны. Заданьні сваёй арганізацыі яна тлумачыць наступным чынам:

(Красынская: ) “Фонд быў заснаваны дзеля аздараўленчых прыездаў дзяцей з забруджаных радыяцыяй раёнаў Беларусі, найперш Гомельшчыны, сюды ў Сан Дыега, каб запэўніць ім мэдычную дапамогу і дапамагчы ачысьціць іхныя арганізмы ад наступстваў радыяцыі”.

Цягам пяці тыдняў аздараўленчага побыту ў ЗША бясплатнае лячэньне забясьпечваюць дзецям мясцовыя шпіталі і лекары. Красынская кажа, што нават за такі кароткі час у чыстым асяродзьдзі дзеці выяжджаюць значна здаравейшымі.

Некаторыя крытыкуюць такую форму дапамогі: маўляў, ахвяраваньні можна было б больш эфэктыўна скарыстаць на месцы, у Беларусі і ўва Ўкраіне, аднак Сьвятлана Красынская сумняецца, ці напэўна грошы былі б ужытыя для лячэньня дзяцей.

Яшчэ адну такую арганізацыю – Дабрачынны фонд “Дзеці Чарнобыля – узначальвае Джоў Кнабл, прадпрымальнік са штату Агаё. Ён арганізуе прыезд 8-12-гадовых дзяцей зь бедных беларускіх сем’яў да амэрыканскіх сем’яў. На пытаньне, навошта ён траціць увесь свой пазапрацоўны час і грошы на дзяцей з другога канца сьвету, ён адказаў, што адчувае такую ўнутраную патрэбу, хоча ім паказаць, што сьвет пра іх не забыўся.

У сваю чаргу пэнсіянэрка Норма Бэрковіц паведаміла, што ейная арганізацыя – Цэнтар Сяброў Чарнобыля – дапамагае жыхарам 13 рэгіёнаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны, пацярпелым у выніку катастрофы. Яна кажа, што не шкадуе свайго часу і сілаў, бо бачыць, што ейная праца мае глыбокі сэнс:

(Бэрковіц: ) “Адзін з нашых лёзунгаў гучыць: памяць – гэта блаславенства; забыцьцё – гэта роспач. Дык тое, што мы робім, гэта нясем надзею людзям, што перажылі такія страшныя часы”.

Паводле Сэсыль Калгун, прэзыдэнта няўрадавай амэрыканскай арганізацыі “Дзеці Чарнобыля”, яна хоча прыцягнуць да дабрачыннай дзейнасьці як мага болей амэрыканцаў. На ейную думку, асноўная праблема апрамяненьня радыяцыяй застаецца. Праз больш як дзясятак гадоў пасьля трагедыі нараджаюцца зьнявечаныя, хваравітыя дзеці. Яны патрабуюць дапамогі, якой на месцы ім ніхто не гарантуе. Вось таму, паводле Сэсыль Калгун, толькі сёлета ўлетку ў ЗША прыбудуць 1500 дзяцей зь Беларусі і Украіны. Агульны кошт іхнага прыезду разам зь білетамі і лячэньнем складзе больш за 6 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG