Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДОМЕ ЛІТАРАТАРА РАЗЬВІТВАЛІСЯ ЗЬ ПІСЬМЕНЬНІКАМ СЯРГЕЕМ ГРАХОЎСКІМ


Ганна Соусь, Менск

Грамадзкую паніхіду распачаў сябар Сяргея Грахоўскага пісьменьнік Янка Брыль:

(Брыль: ) “Гэта быў сьветлы чалавек. Ёсьць клясычнае выслоўе: “Геній — гэта чалавек, які ад нараджэньня да сьмерці застаецца дзіцем”. Сяргей Іванавіч быў маладым увесь час. Нават у сваім ужо такім шаноўным узросьце ён умеў і сьмяяцца, і захапляцца, і шчыра гаварыць пра тое, што ў яго на душы. Дарагі Сярожа, ня хочацца казаць табе “Бывай”, бо ты застанесься з намі сваім вобразам і сваім палымяным паэтычным чыстым шчырым беларускім словам”.

“Толькі не зламіцеся, толькі не паддайцеся хлусьні, толькі будзьце мужнымі” — гэты запавет Сяргея Грахоўскага ўзгадвалі сёньня многія літаратары. Самога паэта, які ў маладосьці зьведаў пакуты сталінскага ГУЛАГу, зламаць не ўдалося нікому. Гаворыць Ніл Гілевіч:

(Гілевіч: ) “Яму было ўсяго 23 гады, калі яго адарвалі ад Бацькаўшчыны, ад літаратуры, ад роднага слова. Паэта, у якога яшчэ й першая кніга не пасьпела выйсьці, загналі на катаргу ў Сыбір. Ён вярнуўся праз 20 гадоў на родную зямлю і ў родную літаратуру. Вярнуўся незламаны й нерастаптаны, і 47 гадоў працаваў у літаратуры з уласьцівай яму таленавітасьцю й вялікай мужнасьцю. Да самага апошняга дня ён усім нам гаварыў: “Толькі не зламіцеся”.

На паніхідзе выступіў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Сучасная беларуская літаратура да сёньняшняга дня была вельмі багатай. Разам з наймаладзейшымі ў сучасным літаратурным працэсе бралі актыўны ўдзел і Ўладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Ян Скрыган, Алесь Звонак, Павал Пруднікаў і Сяргей Грахоўскі. Сёньняшні жалобны дзень разрывае гэтае вязьмо пакаленьняў і забірае зь сёньняшняй сучаснай літаратуры апошняга з магіканаў, акрыленага адраджэнскімі 20-мі гадамі”.

Пісьменьнік Валянцін Тарас у сваёй прамове ўзгадаў пра Васіля Быкава, які цяпер жыве й працуе ў Чэхіі, а таксама ягоныя словы на разьвітаньне зь Сяргеем Грахоўскім.

(Тарас: ) “Васілю Быкаву Чэская Рэспубліка дала бестэрміновы від на жыхарства. І ў сувязі з гэтым прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал сказаў, што гэта вялікі гонар для Чэхіі. І падумалася мне — чаму мы, пакуль пісьменьнік жывы, чаму Сяргею Іванавічу не аддавалася належная, самая глыбокая пашана? Няма гэтага... Кола Вашага жыцьця, дарагі Сяргей Іванавіч, замкнулася і сталася сонечным дыскам, каб рухацца далей у жыцьцё”.

Сяргея Грахоўскага, апошняга з ацалелых у сталінскім ГУЛАГу беларускіх пісьменьнікаў, пахавалі сёньня на Ўсходніх могілках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG