Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КЕВІН МАКНАМАРА: “МЫ ЗРОБІМ УСЁ МАГЧЫМАЕ, КАБ ДАКАПАЦЦА ДА СУТНАСЬЦІ”


Аляксей Знаткевіч, Менск

Адразу пасьля свайго ўтварэньня ў верасьні часовы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы зьвярнуўся да беларускіх уладаў па інфармацыю аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Але дагэтуль ніякай інфармацыі ад беларускіх уладаў камітэт не атрымаў. Гаворыць намесьнік старшыні камітэту — брытанскі парлямэнтар Кевін Макнамара.

(Макнамара: ) “Мы былі вельмі расчараваныя тым, што не атрымалі адпаведнага адказу ад беларускіх уладаў наконт зьніклых людзей. Мы таксама заклапочаныя тым, што не атрымалі інфармацыі ад беларускага парлямэнту. Таму вырашылі, што найлепшы плян дзеяньняў — зрабіць дзьве рэчы.

Першае, атрымаць інфармацыю ад грамадзянаў Беларусі, якія жывуць па-за межамі краіны й маюць зьвесткі пра некаторыя аспэкты зьнікненьняў. Пасьля гэтага пабачым, ці можна зноў паспрабаваць наладзіць кантакты з беларускімі ўладамі, сустрэцца з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў і пацярпелымі сем’ямі ў самой Беларусі і паспрабаваць прыйсьці да нейкіх высноваў.

Трэба, каб была агучаная ўся інфармацыя аб тым, што здарылася са зьніклымі. Калі яны жывыя, то іх павінны вызваліць. Калі не — якія былі абставіны іхнага зьнікненьня? Бо мы ў Радзе Эўропы заклапочаныя пытаньнямі правоў чалавека, дэмакратыі й вяршэнства закону. А выглядае, што сытуацыя са зьніклымі чатырма асобамі, відавочна парушае гэтыя прынцыпы”.

Спадар Макнамара вёў апошняе паседжаньне камітэту пры канцы мінулага месяца ў Парыжы, бо старшыня камітэту, расейскі дэпутат і праваабаронца Сяргей Кавалёў, захварэў. Брытанскі парлямэнтар пакуль адмаўляецца казаць, з кім канкрэтна будзе сустракацца ён і ягоныя калегі, каб атрымаць інфармацыю аб зьнікненьнях.

(Макнамара: ) “Мы зьбіраемся размаўляць зь любымі людзьмі, якія, на нашую думку, могуць дапамагчы праліць сьвятло на гэтую сытуацыю”.

Ёсьць шэраг асобаў, якія зьехалі зь Беларусі й рабілі заявы аб тым, што маюць інфармацыю пра зьнікненьні. Сярод іх былы начальнік менскага сьледчага ізалятару палкоўнік Алег Алкаеў, які цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, былыя супрацоўнікі пракуратуры Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч, якія зьехалі ў ЗША, і былы супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Генадзь Угляніца, які жыве ў Нарвэгіі. Усе яны абвінавачваюць у датычнасьці да зьнікненьняў высокіх беларускіх чыноўнікаў.

Але ці здолеюць эўрапейскія парлямэнтары правесьці эфэктыўнае расьсьледаваньне, знаходзячыся па-за межамі Беларусі? Вось што адказаў на гэтае пытаньне спадар Макнамара:

(Макнамара: ) “Я ня думаю, што тое, дзе знаходзяцца сябры камісіі, абавязкова паўплывае на хаду расьсьледаваньня. Тое, будуць нашыя дзеяньні пасьпяховымі ці не, залежыць ад якасьці доказаў і інфармацыі, якую мы атрымаем. У гэтым сэнсе мы залежым ад людзей як у Беларусі, гэтак і па-за яе межамі. Магчыма, што дзеяньні нашай камісіі будуць заблякаваныя ўладамі Беларусі. Але гэта будзе разглядацца Радай Эўропы, як вельмі сур’ёзная праблема. І гэта створыць далейшыя праблемы для намаганьняў Беларусі быць прынятай у эўрапейскую супольнасьць нацыяў”.

Усе сябры часовага камітэту маюць шмат іншых абавязкаў, як у асамблеі, гэтак і ў сваіх нацыянальных парлямэнтах. Я запытаўся ў спадара Макнамары, ці не зашкодзіць гэта расьсьледаваньню.

(Макнамара: ) “Мы насамрэч вельмі сур’ёзна да гэтага ставімся, шукаем інфармацыю і праводзім рэгулярныя сустрэчы ў гэтым пытаньні. Але натуральна, што мы наўпрост абмежаваныя ўзроўнем доступу да самой Беларусі і ўзроўнем інфармацыі, якую можам атрымаць зь Беларусі. Вы самі ведаеце, што інфармацыі не хапае, таму мы мусім падтрымліваць ціск на беларускія ўлады, заклікаючы іх у інтарэсах правоў чалавека і ўсёй Беларусі дазволіць нам атрымаць гэтую інфармацыю. Найперш гэта трэба, каб рэагаваць на законную трывогу сем’яў, якія згубілі сваіх родных. Але гэта таксама трэба, каб паказаць, што ў Беларусі ўвогуле паважаюцца закон і правы чалавека”.

Спадар Макнамара кажа, што хутчэй за ўсё наступнае паседжаньне камітэту адбудзецца ў студзені ў Страсбуры падчас сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. На гэтую сэсію магчыма запросяць дадатковых прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі менавіта для абмеркаваньня пытаньня аб зьніклых. Нягледзячы на тое, што Нацыянальны сход не прадстаўлены ў Парлямэнцкай Асамблеі, бо Эўропа не прызнала яго дэмакратычна абраным парлямэнтам, дэлегацыі сходу рэгулярна наведваюць сэсіі асамблеі.

Пры канцы нашае размовы спадар Макнамара сказаў наступнае:

(Макнамара: ) “Прабачце, што мае адказы выглядаюць так нэгатыўна. Грунтуючыся на інфармацыі, якую мы атрымалі, вельмі цяжка гаварыць пазытыўна і з энтузіязмам. Але мы зробім усё магчымае, каб дакапацца да сутнасьці гэтай сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG