Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАПЭНГАГЕНЕ ПАЧАЎСЯ ДВУХДЗЁННЫ САМІТ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Юры Дракахруст, Прага

Нават напярэдадні саміту ў дацкай сталіцы працягваліся жорсткія дыскусіі паміж Даніяй, якая старшынюе ў Зьвязе, і краінамі кандыдатамі. Галоўная тэма спрэчак – аграрная палітыка. Цяперашнія краіны Зьвязу прапануюць, каб узровень сельскагаспадарчых датацыяў для новых краінаў-сябраў пасьля іх ўступленьня ў Зьвяз складаў чвэрць ад узроўню такіх жа датацыяў для сялянаў ранейшых краінаў-сябраў. Гэтыя субсыдыі для новых краінаў-сябраў мяркуецца павялічваць на 100% узроўню на працягу некалькіх гадоў.

Зразумела, што грошы на гэтыя субсыдыі бяруцца і будуць брацца з саюзных складак найбольш багатых краінаў Зьвязу: і зараз, прыкладам, Нямеччына фактычна падтрымлівае сялянаў Ірляндыі і Гішпаніі. Багатыя краіны Зьвязу ня хочуць, каб на іх плечы лег яшчэ цяжар такога ж фінансаваньня польскіх, чэскіх і літоўскіх сялянаў. 25% – і ня больш, ёсьць межы шчодрасьці – такую пазыцыю займаюць цяперашнія краіны Зьвязу.

Але ня менш зразумелая і пазыцыя краінаў-кандыдатаў. Па-першае, яны настойваюць на тым, што ў Зьвязе ня мусіць быць сябраў другога гатунку – субсыдыі мусяць быць роўныя для ўсіх. Па-другое, што больш важна, існуюць унутрыпалітычныя чыньнікі, якія прымушаюць кандыдатаў на ўступ у Эўразьвяз дамагацца роўнасьці. Сельскай гаспадарцы краінаў Усходняй Эўропы і зараз вельмі цяжка канкураваць з больш эфэктыўнаю сельскай гаспадаркаю заходніх краінаў. Зараз канкурэнтаздольнасьць польскіх ці чэскіх сялянаў крыху падтрымліваюць мытныя бар’еры. Але сутнасьць Эўразьвязу – якраз у скасоўваньні гэтых бар’ераў. У краінах-кандыдатах існуе моцная перасьцярога, што пры няроўнасьці субсыдыяў ліквідацыя мытных бар’ераў прывядзе да ліквідацыі і іх сельскіх гаспадарак.

Нават напярэдадні капэнгагенскага саміту гэтая супярэчнасьць не была вырашаная.

Яшчэ адной вострай праблемаю саміту стане вызначэньне тэрміну пачатку перамоваў з Турцыяй аб яе ўступленьні ў Зьвяз. Турцыя патрабуе, каб гэтыя перамовы пачаліся ў наступным годзе, Зьвяз хоча адкласьці пачатак перамоваў на 5 гадоў.

Для таго, каб дамагчыся свайго, Анкара ўжывае палітычны ціск. Па першае, Турцыя як сябра НАТО пакуль блякуе магчымасьць выкарыстоўваць для ваенных праграмаў Эўразьвязу рэсурсы Паўночнаатлянтычнага альянсу. Па-другое, на Эўразьвяз моцна цісьне Вашынгтон. ЗША разглядаюць Турцыю як ключавую краіну, якая гарантуе бясьпеку ў рэгіёне, а таксама як вельмі важнага саюзьніка ў магчымай вайне супраць Іраку. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл наўпрост зьвярнуўся да кіраўніцтва Зьвязу з просьбаю зьмягчыць умовы ўступленьня ў Эўразьвяз для Турцыі.

У той час як у Капэнгагене 10 краінаў Усходняй Эўропы, Мальта і Кіпр атрымаюць запрашэньне ўступіць у Эўразьвяз, пэрспэктывы эўрапейскага шляху постсавецкіх краінаў выглядаюць даволі супярэчліва.

Днямі старшыня Эўракамісіі Рамана Проды публічна заявіў, што большасьць краінаў СНД ня маюць аніякіх шанцаў уступіць у Эўразьвяз, канкрэтна былі названыя Ўкраіна і Малдова.

Сёньня дэпутаты Эўрапарлямэнту выказалі нязгоду са старшынём Эўракамісіі. Сябры камітэтаў супрацоўніцтва Эўрапарлямэнту з Малдоваю, Украінаю і Беларусьсю выступілі з адмысловай заяваю, у якой аспрэчылі меркаваньне высокага чыноўніка Эўразьвязу. “Любая эўрапейская дзяржава, калі яна будзе адпавядаць палітычным, эканамічным і праўным крытэрам, можа стаць сябрам Эўразьвязу”, – гаворыцца ў лісьце, падпісаным старшынём Эўрапарлямэнту Жанам Віерсмам і яго намесьніцай Элізабэт Шрэдэр. У ім адзначаецца, што Малдова і Ўкраіна ясна выказалі свой намер стаць сябрамі Зьвязу. На думку дэпутатаў Эўрапарлямэнту, адмова магчымасьць уступу гэтых краінаў у Зьвяз, гэта значыць, адмова іх эўрапейскага памкненьня можа стварыць сур’ёзныя праблемы для працэсу рэформаў у гэтых краінах. Дэпутаты Эўрапарлямэнту выказваюць спадзяваньне, што у будучым чыноўнікі Эўразьвязу будуць выказвацца аб адносінах Зьвязу з Украінай і Малдовай больш памяркоўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG