Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАКЛАД ЗА ЗАКАЕВА ЗАПЛАЦІЛА ВЯДОМАЯ АНГЛIЙСКАЯ АКТОРКА ВАНЭСА РЭДГРЭЙВ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Расейскiя ўлады абвiнавачваюць Закаева ў цяжкiх злачынствах. Брытанская прэса пiша, што такое рашэньне суду можа iстотна сапсаваць дагэтуль сяброўскiя адносiны памiж прэзыдэнтам Расеi Ўладзiмерам Пуцiным i прэм’ер-мiнiстрам Вялiкай Брытанii Тонi Блэрам. А самае актыўнае зацiкаўленьне ў лёсе чэчэнскага палiтыка выказвае вядомая англiйская акторка Ванэса Рэдгрэйв.

На мiнулым тыднi Ванэса Рэдгрэйв заплацiла за вызваленьне Закаева, арыштаванага пасьля прыбыцьця ў Лёндан з Данii, якая адмовiла выдаць яго Расеi, 50 тысячаў англiйскiх фунтаў закладу. Усе днi напярэдаднi суду акторка сустракалася зь людзьмi брытанскага сьвету мастацтва ў спробе атрымаць ад iх падтрымку. У iнтэрвiю газэце “Guardian” яна сказала, што гэта будзе яшчэ адным доказам таго, што ня толькi яна, але i вялiкая колькасьць знаных дзеячаў мастацтва ня лiчаць Закаева тэрарыстам, злачынцам цi ўцекачом.

Англiйская прэса пiша, што рашэньне Рэдгрэйв падтрымаць ворага Масквы нумар адзiн ня ёсьць зацямненьнем розуму. Меней як год таму яна пазнаёмiлася з Закаевым, якi да таго, як заняцца палiтыкай i браць удзел у партызанскай вайне, быў вядучым акторам у Чачэнii, i запрасiла яго зь сям’ёю пагасьцяваць у ейным доме ў багатай заходняй частцы Лёндану. Летась Ванэса Рэдгрэйв наведала лягеры чэчэнскiх уцекачоў у Інгушэтыi. Газэта “Guardian” цытуе акторку i праваабаронцу: “Сытуацыя ўжо тады была катастрафiчнай, а сёньня расейцы спрабуюць закрыць гэтыя лягеры i прымусiць людзей вярнуцца назад у Чэчэнiю”.

Спадарыня Рэдгрэйв узгадвае паездку ў Чэчэнiю, якую яна зрабiла пасьля нападу на ЗША 11 верасьня летась. “Я нiколi не забуду адну мацi зь дзецьмi, якая сказала мне ў сваiм намёце: “Калi ласка, перадайце амэрыканцам, што мы спачуваем iхнай бядзе i просiм iх не забываць пра нашу бяду”, – гаворыць акторка.

Англiйская прэса называе справу Закаева самым спрэчным пытаньнем аб экстрадыцыi ў Вялiкай Брытанii пасьля справы Аўгуста Пiначэта, арыштаванага ў Лёндане ў 1998 годзе. Вызваленьне пад заклад чэчэнскага палiтыка выклiкала гнеў афiцыйнай Масквы. Мiнiстар замежных справаў Ігар Іваноў задаў саркастычнае пытаньне: “А калi б у Лёндане зьявiўся Ўсама бiн Лядэн? Крыху пагутарылi б зь iм у палiцэйскiм участку i вызвалiлi?”

Рэдгрэйв адвяргае абвiнавачаньнi Масквы, што яна абараняе тэрарыста, i зьвяртае ўвагу на тое, што праваслаўны сьвятар айцец Сергiй, пра якога ў мiжнародным ордэры на арышт гаворыцца як пра чалавека, забiтага Закаевым, жывы. Нядаўна ён даў iнтэрвiю газэце “Известия”. Сам Закаеў у iнтэрвiю “Guardian” адзначыў, што ў той пэрыяд, за якi яму выстаўленыя абвiнавачаньнi, ён двойчы сустракаўся з расейскiм прэзыдэнтам Ельцыным. А летась – з адмысловым прадстаўнiком Пуцiна ў Чачэнii.

Тым часам у Лёндане Закаеў у iнтэрвiю радыё “Эхо Москвы” заклiкаў лiдэраў эўрапейскiх краiнаў разьмясьцiць у Чачэнii мiратворчыя сiлы, якiя дапамаглi б стабiлiзаваць сытуацыю.
XS
SM
MD
LG