Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛУКАШЭНКА ПААБЯЦАЎ УЖЫЦЬ УСЮ СІЛУ СВАЁЙ УЛАДЫ СУПРАЦЬ ПРЫХІЛЬНІКАЎ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ЦАРКВЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Штогадовая сустрэча Лукашэнкі зь ярархамі праваслаўнай царквы праходзіла ў менскім Доме міласэрнасьці. Кіраўнік Сыноду мітрапаліт Філарэт вызначыў шэраг царкоўных праблемаў, якія можа вырашыць толькі ўлада. У прыватнасьці, ён паскардзіўся, што ў Беларусі не спыняюцца спробы справакаваць царкоўны раскол.

Паводле ўладыкі, “тыя, хто абраў праваслаўе сваім галоўным ворагам, спрабуюць аслабіць духоўна-кананічнае адзінства Праваслаўнай царквы ў Расеі, Украіне й Беларусі. Гэтыя сілы спрабуць знайсьці незадаволеных сьвятароў і зь іх дапамогай арганізаваць паралельнае функцыянаваньне г.зв. Аўтакефальнай царквы з цэнтрам у ЗША”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што раскольнікі ніколі не дасягнуць сваіх мэтаў. Ён паабяцаў ужыць усю сілу сваёй улады дзеля захаваньня адзінства царквы. Паводле Лукашэнкі, царкоўнае адзінства ёсьць зарукай стабільнасьці грамадзтва й бясьпекі дзяржавы.

Сакратар кансысторыі Аўтакефальнай Царквы ў Беларусі Аляксандар Антанюк так пракамэнтаваў словы мітрапаліта Філарэта й Аляксандра Лукашэнкі:

(Антанюк: ) “Калі Праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату заявіла, што адыходзіць ад РПЦ адбыўся раскол. І было супрацьстаяньне вернікаў. І Лукашэнка баіцца гэтага. А Расейская праваслаўная царква баіцца страціць свой уплыў на электарат”.

Экзарх Філарэт прапанаваў, каб улады падпісалі адмысловае пагадненьне, якое будзе даваць праваслаўнай царкве эканамічныя прэфэрэнцыі. Аляксандар Лукашэнка гэтую ідэю падтрымаў:

(Лукашэнка: ) “Гэта вельмі цікавая й новая прапанова. Я падтрымліваю падпісаньне пагадненьня паміж царквой і дзяржавай, дзе будуць сапраўды вызначаныя і формы, і мэтады, і кірункі нашай дзейнасьці. Думаю, у разьвіцьцё гэтага пагадненьня нам трэба прыняць шэраг праграмаў. Гэта падтрымка будаўніцтва храмаў на месцах. І тады нікому ні ў чым ня трэба будзе апраўдвацца — што вось мы там пачалі нейкую гаспадарчую дзейнасьць з нагоды чаго, навошта”...

Беларускі кіраўнік таксама вельмі хваліў новы закон аб свабодзе веравызнаньняў. Лукашэнка лічыць, што крытыкі гэтага закону ўрэшце зразумеюць — закон прыняты своечасова.

Кіраўнік справаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Ян Спасюк сёньня сказаў, што нягледзячы на пагрозы з боку Лукашэнкі ён і ягоныя прыхільнікі будуць працягваць будаўніцтва царкоўных структураў.
XS
SM
MD
LG