Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 40-Я ЎГОДКІ БЕЛАРУСКАГА КІНО Ў МЕНСКУ РЫХТУЮЦЬ ЦЭНТАР РАСЕЙСКАГА КІНО


Галіна Абакунчык, Менск

Сярод галоўных падзеяў юбілейнага году айчыннага кінэматографу ў Міністэрстве культуры называюць завяршэньне здымак скандальнавядомай кінастужкі “Анастасія Слуцкая”. На наступны год заплянаваная праца над трыма мастацкімі кінафільмамі, у тым ліку, па сцэнару, напісаным цяперашнім чальцом Нацыянальнага сходу Мікалаем Чаргінцом.

Такім чынам, — заяўляе намесьнік міністра Ўладзімер Рылатка, — беларускае кіно жыве й мае добрыя пэрспэктывы разьвіцьця. Процілеглае меркаваньне, аднак, маюць кінэматаграфісты-практыкі. Гаворыць вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “Ня больш чым шыльда “Беларусьфільм” сёньня, і ня больш чым дэкарацыя. Нічога не засталося, усё прыйшло ў жахлівы заняпад. Няма ніякай канцэпцыі: Чаргінца сцэнар. Калі сябра палаты выбівае сабе такую магчымасьць здымаць кіно й адбірае хлеб у прафэсіяналаў сапраўдных — ну, гэта проста прыкмета часу”.

Паводле спадара Рылаткі, важнай умовай разьвіцьця беларускага кінэматографа ёсьць сур’ёзная рэформа сыстэмы відэапракату, якую сёлета распачало Міністэрства культуры. Так, менскі кінатэатар “Перамога” пры ўдзеле міжнароднай карпарацыі “Эўропа-сынэма” аднавіў паказ эўрапейскага кіно. Пасьля капітальнага рамонту ў кінатэатры “Цэнтральны” адкрываецца цэнтар расейскага кіно.

Сёлета ж зачынены кінатэатар “Зьмена”, які спэцыялізаваўся на папулярызацыі беларускіх кінастужак. Дырэктар Кінавідэапракату Васіль Коктыш тлумачыць гэта адсутнасьцю сродкаў — як на беларускую відэапрадукцыю, так і на ўтрыманьне адмысловага кінатэатру.

(Коктыш: ) “Гэта будзе дадзена нам расейскім бокам задарма. Цэнтар беларускага кіно — я ня супраць. Хто яго будзе фінансаваць? На сто адсоткаў запоўніць рэпэртуар кінатэатру беларускімі фільмамі — і каб іх наведвалі? Трэба ж быць рэалістамі. Сёньня на фільмы не хапае, давайце пра гэта думаць. А кінатэатры мы заўсёды прапануем для беларускага кіно”.

Адзін зь сяброў Беларускага саюзу кінэматаграфістаў, які пажадаў застацца неназваным, кажа, што галоўная праблема беларускага кіно — агульнадзяржаўная прарасейская ідэалёгія, а таксама асобы найвышэйшага кіраўніцтва, якія кіруюць кінэматографам.

(Кінэматаграфіст: ) “Мы бачым праблему адну — нават ня ў тым, што выдзяляецца мала сродкаў, а ў кіраўнічым непрафэсіяналізьме. Ніхто не займаецца ні канцэпцыяй, ні вытворчасьцю, ні кадрамі. Калі ня будзе кардынальных захадаў, то стан яшчэ пагоршыцца”.

На 23 сьнежня прызначаны дзясяты, юбілейны зьезд Беларускага саюзу кінэматаграфістаў, дзе мяркуюць абмеркаваць сёньняшняе становішча айчыннага кіно.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG