Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ ЗАСНАВАЛА ЛЯЯЛЬНЫ ДА ЎЛАДАЎ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКІ ПРАФСАЮЗ


Міхал Стэльмак, Менск

Новы прадпрымальніцкі прафсаюз утварыўся ў Фэдэрацыі на базе прафсаюзу малых прадпрыемстваў і прафсаюзу “Садружнасьць”. Як прагучала на сёньняшняй устаноўчай канфэрэнцыі, дзейнасьць гэтых структураў выклікала незадавальненьне кіраўнікоў ФПБ. Найперш з прычыны страты кантролю за працэсамі ў сфэры прыватнага бізнэсу.

Вось што зазначыў на гэты конт старшыня Фэдэрацыі Леанід Козік:

(Козік: ) “Досьвед мінулых гадоў, калі праблемы спрабуюць вырашаць шляхам страйкаў і іншых акцыяў пратэсту, не дае належнага эфэкту. Толькі адзіны прафсаюз можа вырашыць гэтыя задачы шляхам дыялёгу з уладай — на гарадзкім, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Да сёньняшняга дня прафсаюзны рух у прадпрымальніцкім асяродку шмат губляе з прычыны дробных заяваў, стварэньня нейкіх неафіцыйных структураў, якія намагаюцца ўзяць на сябе функцыі абаронцаў прадпрымальнікаў ці то на адным рынку, ці то ў маштабе ўсёй дзяржавы”.

Новы прадпрымальніцкі прафсаюз абвесьціў першачарговай задачай усталяваньне шчыльных кантактаў з выканаўчай уладай, мясцовымі саветамі і Палатай прадстаўнікоў. Вось як пракамэнтаваў нашаму радыё гэтыя крокі ФПБ прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “На мой погляд, гэта дрэнна, як усялякая таталітарызацыя. Таму што патрэбна, каб сацыяльнае асяродзьдзе было свабодным ад дзяржаўнага ціску. Трэба, каб прафсаюзы ствараліся на прадпрыемствах. Вось ёсьць людзі, якія хочуць калектыўна абараняць свае правы. Яны могуць стварыць там суполку. Калі ласка! Але гэта як патрэба працоўных калектываў. Але калі гэта зьверху робіцца, то гэта не для абароны правоў працоўных. Гэта відавочна”.

Новы прафсаюз, як прагучала на канфэрэнцыі, мае намер паслабіць уплыў Свабоднага прафсаюзу ў прадпрымальніцкім асяродку. Прагучала ініцыятыва перацягнуць у шэрагі прадпрымальніцкага прафсаюзу Фэдэрацыі сяброў дэмакратычнага прафсаюзу. Вось меркаваньне з гэтай нагоды лідэра Свабоднага прафсаюзу Генадзя Быкава:

(Быкаў: ) “Мне здаецца, што гэта “пустышка”. У Свабодным прафсаюзе вельмі шмат суполак прадпрымальнікаў. Нашы прафсаюзы вельмі хутка растуць у прадпрымальніцкай сфэры. Бо ў іх вялізныя праблемы. Таму і актыўнасьць гэтых людзей высокая. Прадпрымальнікі на сёньняшні дзень ёсьць рэальная сіла, якая адстойвае свае інтарэсы. Таму ўлада мусіць прыслухоўвацца да прадпрымальнікаў і рэагаваць на іхныя дзеяньні”.
XS
SM
MD
LG