Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДЗЮМА І ПРУСТ, ГРАХОЎСКІ РАБІЎ ГІСТОРЫЮ ЖЫВОЙ


Аляксандар Лукашук, Прага

Учора ў Радыё Свабода паменела на аднаго слухача. А таксама – аўтара і даўняга добрага знаёмца.

Для Сяргея Грахоўскага 20-е стагодзе было не гісторыяй, а жыцьцём. Ён цытаваў мне словы Янкі Купалы, быццам пачуў іх сёньня раніцай, прыезд у Менск Барыса Пастарнака ў ягоных вуснах адбываўся не ў 1936 годзе а учора ўвечары, пра расстраляных паўстагодзьдзя таму паэтаў ён гаварыў як пра сяброў, зь якімі толькі дапілі чай ці што там яны маглі дазволіць сабе на мізэрныя ганарары.

Ён быў першым зь беларускіх пісьменьнікаў гадоў пятнаццаць таму, хто разам зь Янкам Скрыганам пагадзіўся расказаць мне пра сталінскія лягеры. Ён уразіў тады і сьмеласьцю, бо называў імёны судзьдзяў і катаў, і вершам пра савецкі патрыятызм, які быццам існаваў сярод зэкаў – у яго доўга захоўвалася гэтае дваістае стаўленьне да савецкай улады, варта паглядзець ягоныя кнігі, дзе ўхвалы перамяжаюцца з праклёнамі. Лягер нікога ня робіць свабодным, як пісаў яшчэ адзін паэт-зэк Варлам Шаламаў.

Калі я гаварыў з Грахоўскім апошні раз, ён скардзіўся на перашкоды ў эфіры – увесь час, пакуль дазваляла здароўе, паэт слухаў беларускую "Свабоду". Свабоды няшмат было на працягу ягонага доўгага жыцьця, і зноў бракавала ў апошнія гады.

Як Дзюма, Сяргей Грахоўскі мог паказаць свае рукі пралетара-пісьменьніка, як Пруст, ён нястомна вяртаў зьнішчаны час. Безь яго беларускае 20-е стагодзьдзе ўжо ніколі ня будзе такім жывым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG