Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОВЫ Ў ВЕНЕ ПРА СТАТУС КНГ АБСЭ НАРЭШЦЕ ПАЧАЛІСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі кажуць, што перамовы беларускага прадстаўніка ў Вене Віктара Гайсёнка з партугальскім старшынствам Сталай Рады АБСЭ аб статусе місіі гэтай арганізацыі ў Менску вядуцца. Праўда, тут не змаглі назваць канкрэтны час пачатку гэтых перамоваў. Гаворыць намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Перамовы ў Вене вядуцца. Гэта пытаньне тэрміналёгіі, у прыцыпе яны вядуцца пастаянна. Мы абмяркоўваем зь дзейным старшынствам Партугаліі праект рашэньня Сталай Рады АБСЭ, формы і мадальнасьці прысутнасьці АБСЭ ў Рэспубліцы Беларусь. Хаду перамоваў мы дамовіліся сумесна зь імі не камэнтаваць. Але я магу заявіць зь беларускага боку, што мы гатовыя да канструктыўных перамоваў, арыентаваных на канчатковы вынік”.

Паводле ягоных словаў, перамовы будуць весьціся на розных узроўнях: цяпер на ўзроўні амбасадара Гайсёнка, пазьней на ўзроўні начальніка адпаведнага дэпартамэнту МЗС і, нарэшце, міністра замежных справаў.

(Савіных: ) “Мы разьлічваем дасягнуць выніку да канца гэтага году, відавочна, што гэты вынік залежыць ня толькі ад нас”.

У штаб-кватэры АБСЭ ў Вене Радыё Свабода пацьвердзілі, што перамовы паміж амбасадарамі Гайсёнкам і да Коста нарэшце пачаліся, і гэта пакуль што зьяўляецца “адзіным пазытыўным фактам”. Прапановы беларускага боку наконт свайго бачаньня фармату місіі былі тут атрыманыя толькі 6 сьнежня, калі б гэтыя прапановы былі пададзеныя паўгода таму, то тады б і пачаліся перамовы, цяпер жа супрацоўнікі АБСЭ, якія кансультуюць перамоўны працэс, ацэньваюць пачатак перамоваў як вельмі позьні, і таму тут бачаць вельмі мала шанцаў закончыць гэтыя перамовы да пачатку калядных вакацыяў.

Беларускія ўлады паставілі сабе за мэту прамаруджваньне зь перамовамі, упэўнены былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Зараз відавочна, што Лукашэнка не зацікаўлены ў прысутнасьці місіі АБСЭ тут і будзе рабіць усё, каб гэтага не было, каб не зьявілася тая місія, якая будзе выконваць функцыі паводле мандату. Таму зараз гэта звычайная палітыка — марудзіць час”.

Андрэй Саньнікаў сумняецца ў магчымасьці завяршэньня перамоўнага працэсу да канца году і завяршэньня паўнамоцтваў Партугаліі як старшыні АБСЭ. Новы старшыня — Галяндыя. Яна, на думку Саньнікава, будзе тут больш жорсткай. Як вядома, беларускі бок хоча дасягнуць пагадненьня ў пытаньнях часовага абмежаваньня мандату КНГ, які цяпер зьяўляецца бестэрміновым, зьмены назвы місіі, гарантыяў, што яна ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, і шчыльнага супрацоўніцтва з уладамі.

Андрэй Саньнікаў упэўнены, што гэтыя патрабаваньні не адпавядаюць рашэньням Стамбульскага саміту АБСЭ.

(Саньнікаў: ) “Тут мэта ўладаў у тым, каб прызнаць існую сытуацыю, існы рэжым, антыдэмакратычную практыку выбараў і г.д. Гэта не адпавядае ні мандату, які быў узгоднены беларускімі ўладамі ў 1997 годзе, ні пункту 22 Стамбульскай дэклярацыі 1999 году. АБСЭ ня мусіць пагаджацца на такія ўмовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG