Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПРАЎДЗІВЫЯ ЗЬВЕСТКІ ТЫДНЁВІКА “WPROST”: МЕРКАВАНЬНЕ БЕРАСЬЦЕЙСКІХ ПАМЕЖНІКАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня ў Берасьцi завершаны вучэбны збор маладых вайскоўцаў, якiя пажадалi перайсьцi ў памежныя войскi альбо прызваныя на службу з запасу. Прадстаўнiкi мясцовай памежнай групы цьвердзяць, што гэтыя зборы — плянавыя, але ўпершыню было вырашана правесьцi iх пры канцы году.

Зьвяртае на сябе ўвагу тая акалiчнасьць, што асноўная праграма збору ладзiлася на памежнай заставе iмя Кiжаватава. Менавiта праз участак беларуска-польскай мяжы, што кантралюецца гэтай заставай, сёлета часьцей за ўсё нелегальныя iмiгранты жадаюць трапiць на Захад.

Але памежнiкi катэгарычна абвяргаюць iнфармацыю пра магчымае садзеяньне нелегалам ў перасячэньнi мяжы напярэдаднi Калядаў. Афiцыйную заяву на гэты конт зрабiў кiраўнiк прэсавай службы Берасьцейскай памежнай групы Дзьмiтры Дзевятаў:

(Дзевятаў: ) “Тыя грамадзяне, якiя маюць законнае права пры выезьдзе за мяжу, пры правiльна аформленых дакумэнтах нiякiх перашкодаў мець ня будуць. А тыя, хто будзе спрабаваць нелегальна перасячы дзяржаўную мяжу па-за пунктам пропуску, будуць затрыманыя i прыцягнутыя альбо да адмiнiстрацыйнай альбо да крымiнальнай адказнасьцi за гэтыя дзеяньнi”.

Дзьмiтры Дзевятаў пакiнуў без камэнтару зьвесткi пра тое, што на беларуска-польскiм памежжы сабралася да 40 тысяч нелегальных iмiгрантаў, спаслаўшыся на тое, што падобная iнфармацыя мае апэратыўны характар i закрытая для прэсы.

Паводле публiкацыi ў польскiм часопiсе “Wprost”, адзiным з магчымых маршрутаў нелегалаў можа быць тэрыторыя паблiзу Маларыты, дзе сутыкаюцца межы Беларусi, Польшчы i Ўкраiны. Вось як адраэагаваў на падобныя зьвесткi начальнiк Маларыцкага аддзелу ўнутраных справаў Канстанцiн Карпук:

(Карпук: ) “У нас няма такой iнфармацыi. Тым больш, што Маларыта — такi горад i раён, што тут калi i зьявiцца віетнамец цi пакiстанец, яны ў вочы кiдаюцца. Я на 98% выключаю магчымасьць, што яны дзесьцi ў гэтым раёне сканцэнтраваныя”.

Што да тэрыторыi Белавескай пушчы, дык памежнiкi самi скардзяцца, што кантраляваць там беларуска-польскую мяжу вельмi складана. Але яны лiчаць малаверагодным, што тысячы людзей здолеюць прайсьцi ў пушчу незаўважанымi.
XS
SM
MD
LG