Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ГІМНАСТЫ Ў ЗША


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Пяцёра беларускiх спартоўцаў цяпер працуюць у гiмнастычным цэнтры Росвэл, i iхныя таленты натуральна ўпiсалiся ў добра распрацаваную праграму падрыхтоўкi гiмнастаў у цэнтры. Пра iх гавораць, што яны сама дасканаласьць i што яны прынесьлi багаты мiжнародны вопыт.

А пачалося ўсё ў 1996-м годзе, напярэдаднi Алiмпiяды ў Атлянце. Сучасная, добра абсталяваная спартовая база Росвэл прыцягнула ўвагу алiмпiйскай каманды беларускiх гiмнастаў, якiя там i трэнiравалiся. У часе сумеснай працы завязалася моцнае сяброўства беларусаў з гаспадарамi. Асаблiва паразумелiся беларуская алiмпiйка Алена Саўко i дырэктар гiмнастычнага цэнтру Сiнды Фурман.

Калi Саўко вярнулася ў Беларусь, краiна знаходзiлася ў цяжкiм эканамiчным стане. І яна зразумела, што ня мае нiякiх пэрспэктываў на радзiме. Справа была ня толькi ў доўгiх чэргах па харчаваньне, перадусiм Алена адчула сваю сумнеўную будучыню. І тады яна напiсала Фурман, што хоча вярнуцца ў Росвэл. І яшчэ – цi можна ўзяць з сабою i сваiх трэнэраў – Ігара i Алену Шумiлаў.

Амэрыканскiя сябры сабралi грошы, знайшлi жытло, паклапацiлiся пра вiзы. І тройка беларусаў прыехала. Праблемаў не было. Адзiнае, што яны мелi рабiць – гэта ўкладаць свае таленты ў праграму Росвэлу. Неўзабаве да Саўко i Шумiлаў далучылiся сёстры Вольга i Юлiя Юркiны i Юлiя Сабко.

“Тут такое камфортнае жыцьцё… мары збываюцца. Я люблю сонца… І я паўсюль бачу людзей, якiя ўсьмiхаюцца. Гэта робiць мяне шчасьлiвай”, – сказала дваццацiтрохгадовая Вольга Юркiна.

Беларускi зразумелi галоўную розьнiцу памiж працай у сваёй краiне i ў Амэрыцы, дзе спорт ня ёсьць жыцьцёва вызначальным. Тут ад няўдачы нiхто ня можа згубiць працы.

“Так, i ў ЗША спорт – гэта супернiцтва, але больш важным ёсьць пачуцьцё ўласнай годнасьцi гiмнаста i атрыманьне задавальненьня ад свайго занятку. У Беларусi ж усё падпарадкавана абавязковым перамогам i атрыманым вынiкам на нацыянальных спаборнiцтвах”, – гаворыць Вольга. І тлумачыць: “Калi вы не змаглi добра выступiць, гэта вельмi дрэнна… Вы можаце згубiць сваю працу. А спартоўцы i трэнэры там маюць лепшыя ўмовы жыцьця, чым iншыя людзi. Таму нiхто ня хоча рызыкаваць, каб згубiць працу i атрымаць дрэннае жыцьцё”.

“Прафэсiйны падыход да аматарскага спорту ва Ўсходняй Эўропе ёсьць адной з прычынаў, – гаворыць Вольга, – чаму Ўсходняя Эўропа дамiнуе на мiжнарродных арэнах. Яны там вельмi дысцыплiнаваныя i трэнiруюцца, як жаўнеры. Ва Ўсходняй Эўропе – гэта змаганьне за выжываньне. Вы павiнны быць найлепшым – гэта адзiны шлях да болей-меней прыстойнага жыцьця”, – тлумачыць Вольга.

Колiн Лу, чые дочкi займаюцца гiмнастыкай у Росвэлскiм цэнтры, радасна канстатуе, што гэты цэнтар i раней быў адным з найлепшых у штаце, а цяпер, дзякуючы выдатнаму экспэрымэнту, дзецi далучылiся да зусiм iншай гiмнастычнай школы. Тэхнiка, мэтады трэнiровак беларусаў вельмi дапамагаюць юным спартоўцам набываць сiлу i гнуткасьць. Бацькi вельмi задаволеныя трэнiроўкамi, якiя праводзiць ураўнаважаны, упэўнены Ігар. Беларуская пяцёрка ў Росвэле карыстаецца вялiкай павагай.
XS
SM
MD
LG