Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРТАНЬНЕ ЭЎРОПЫ


Юры Дракахруст, Прага

Далучэньне да Эўразьвязу 10 новых краінаў-сябраў прывядзе да ставарэньня самага вялікага на Зямлі агульнага рынку: ад Таліна на Ўсходзе да Нікасіі на Поўдні і Лісабону на Захадзе. Эўрапарлямэнт папоўніцца сотнямі дэпутатаў ад новых краінаў-сябраў, рашэньні Брусэлю стануць наўпрост уплываць на жыцьцё людзей на ўсходзе. Разам з тым, пашырэньне спараджае і яшчэ спародзіць цэлы шэраг культурных і палітычных праблемаў.

Больш за 10 гадоў таму краіны Ўсходняй Эўропы вызваліліся ад дыктату Масквы. Эўразьвяз – не камуністычны Савет эканамічнай ўзаемадапамогі і тым больш не беларуска-расейская саюзная дзяржава, аднак сяброўства ў ім вымагае пэўнага абмежаваньня нацыянальнага сувэрэнітэту ягоных сябраў.

У гэтай праблемы існуе і культурнае, духоўнае вымярэньне. Ужо колькі гадоў у Эўропе, прынамсі, у Заходняй, працягваецца спрэчка пра эўрапейскую ідэнтычнасьць: ці існуе яна, ці ёсьць толькі французы, немцы, палякі, чэхі ды іншыя? Прыхільнікі пункту гледжаньня, што эўрапейская ідэнтычнасьць усё ж існуе, прыгадваюць, як агульнаэўрапейскія інстытуты за некалькі дзясяткаў гадоў здолелі зьнішчыць варожасьць паміж нацыямі, такімі скажам, як француская і нямецкая, варожасьць, якая стагодзьдзямі здавалася невыкараняльнаю. Але як паўплывае на станаўленьне гэтай эўрапейскай ідэнтычнасьці прыход у Эўразьвяз дзясятка новых нацыяў са сваёй асаблівай гісторыяй? Да таго ж, некаторыя экспэрты не выключаюць, што пашырэньне Зьвязу абвострыць непрыязь заходніх нацыяў да людзей з усходу.

Праўда, і гэтыя перасьцярогі выказваюцца не ўпершыню. У свой час гэтак жа нэрвова ўспрымалася далучэньне да Зьвязу Ірляндыі і бедных краінаў Поўдня Эўропы. Аднак менавіта інтэграцыя гэтых краінаў у Зьвяз прывяла да аслабленьня і паступовага зьнікненьня гэтых пачуцьцяў.

Шэраг аналітыкаў адзначаюць, што далучэньне да Зьвязу новых краінаў Усходняй Эўропы можа крыху зьмяніць акцэнты ў палітыцы Зьвязу ў бок большага амэрыканізму. Многія з гэтых краінаў у часы “халоднай вайны” і пасьля яе заканчэньня палітычна і культурна былі з’арыентаваныя менавіта на ЗША. Пра тое сьведчыць і досьвед пашырэньня НАТО: Польшча, Вугоршчына і Чэхія займаюць у альянсе больш праамэрыканскія пазыцыі, чымся, напрыклад, Францыя і Нямеччына.

Аднак іншыя назіральнікі мяркуюць, што палітычная і эканамічная вага новых сябраў Зьвязу будзе ўсё ж недастатковаю, каб зьмяніць балянс, і вызначальнымі ў Зьвязе па-ранейшаму будуць пазыцыі вялікіх дзяржаваў Эўропы, асабліва Францыі і Нямеччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG