Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАНФІСКАТ” ВАБІЦЬ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Сытуацыі, калі пакупнікі рэдкіх для Беларусі іншамарак сутыкаюцца з праблемамі падчас іх рэгістрацыі, а потым і канфіскацыяй сваіх аўтамабіляў, робяцца тэндэнцыяй.

Аляксандар Юркоў у сакавіку набыў у суседняй Літве аўтамабіль “Ягуар” — вельмі дарагую і рэдкую для Беларусі мадэль. У менскай ДАІ, калі ўбачылі новенькі “Ягуар”, рэгістраваць яго адмовіліся. Матывавалі гэта рознымі прычынамі. Ад Аляксандра патрабавалі розныя даведкі — зь Вялікабрытаніі пра тое, што аўтамабіль “Ягуар” выраблены менавіта там; з паромнай кампаніі пра тое, што менавіта на пароме перавозілі аўтамабіль; зь Фінляндыі, што менавіта ў гэтую краіну ён спачатку трапіў, і яшчэ зь дзясятак даведак.

У выніку ўладальнік зьвярнуўся ў суд, і той абавязаў ДАІ зарэгістраваць аўтамабіль і паставіць на ўлік. У ДАІ аўтамабіль зарэгістравалі, але езьдзіць на ім Аляксандру так і не давялося. На ягоную думку, прычынай стала тое, што новенькі “Ягуар” спадабаўся нейкаму чыноўніку.

(Юркоў: ) “У мяне з самага пачатку склалася ўражаньне, што гэтую машыну падзялілі паміж сабой тыя, хто мае доступ да інфармацыі. І ДАІ, і мытня, і ня ведаю хто яшчэ… Па ўсім было бачна, што яны дзейнічаюць па раней распрацаванай схеме. Начальнік рэгістрацыйнага аддзелу менскай ДАІ спадар Караткевіч так мне і паведаміў: “Я ведаю, што часта такія машыны канфіскуюць. Мы яшчэ паглядзім, што зрабіць з тваёй. Як гэта ты ўмудрыўся набыць такі аўтамабіль?” На “ты”. Але ж я ніколі раней гэтага чалавека ня бачыў.

Мяне рыхтавалі да думкі, што я ніколі свой аўтамабіль ня ўбачу. Караткевіч мне паведаміў, што яму трэба параіцца са сваімі сябрамі з Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў. ДАІ рабіла ўсё незаконна. Калі я прыехаў на рэгістрацыю нумароў, мяне там чакалі прадстаўнікі рэгіянальнай мытні. Яны сілай запхнулі мяне ў аўтамабіль і адвезьлі за краты свайго складу.

Гэты аўтамабіль пакуль адзіны ў Беларусі й вельмі прыкметны. Калі, ня дай гасподзь, яго канфіскуюць, а потым ён зьявіцца на менскіх вуліцах — будзе зразумела, дзеля каго рабілася ўся гэтая справа і мітусьня”.

Як вынік, аўтамабіль пакуль стаіць на складзе зь яшчэ некалькімі рэдкімі іншамаркамі. Некаторыя ўладальнікі страцілі надзею ўбачыць свае аўтамабілі, а іншыя яшчэ змагаюцца за сваю маёмасьць.
XS
SM
MD
LG