Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў БЕЛАРУСІ НЯМА САПРАЎДНЫХ КАЛЯДНЫХ РАСПРОДАЖАЎ?


Ганна Соусь, Менск

Сёлета, адрозна ад мінулых гадоў, падрыхтоўка да Калядаў і Новага году пачалася ў Менску даволі рана. Многія крамы ўжо ў лістападзе па-сьвяточнаму ўпрыгожылі свае вітрыны ды распачалі гандаль навагоднімі таварамі. Нагадаю, што яшчэ тры-чатыры гады таму сталіца набывала сьвяточны выгляд літаральна за некалькі дзён да сьвятаў, а людзям даводзілася адстойваць у чэргах.

Цяпер сытуацыя зьмянілася. Тавараў багата, але ў пакупнікоў не заўсёды ёсьць грошы на сьвяточныя сувэніры. Прыкладам, у ГУМе штучная яліна вышынёй 250 сантымэтраў каштуе амаль 180 тысяч рублёў, гірлянда — каля 8 тысяч рублёў, невялічкі набор упрыгожваньняў для яліны — каля 20 тысяч рублёў. Напэўна, таму пакупнікі больш разглядаюць сьвяточныя вітрыны, чым набываюць упрыгожаньні. Што да калядных падарункаў, то людзі ў большасьці аддаюць перавагу самаму неабходнаму.

(Спадар: ) “Набылі тут розныя дробязі. А так эканамічная сытуацыя ня вельмі дазваляе раскашэльвацца”.

(Спадарыня: ) “Сума вельмі невялікая, але я вось ужо набыла для кухні. Тое, што трэба для дому, больш нічога не магу... Дзіцяці набыла кубак у падарунак”.

Паводле гандляроў, найбольш тыповы калядны падарунак — набор касмэтычных сродкаў беларускай вытворчасьці коштам ад 7 да 10 тысяч рублёў.

У эўрапейскіх краінах існуе традыцыя калядных распродажаў, калі людзі могуць набываць неабходныя ім тавары зь вялікімі зьніжкамі — ад 50 да 90%. У Менску сапраўдных распродажаў пакуль ня ладзіцца. Прыкладам, у ГУМе толькі ў некаторых аддзелах былі зьніжкі на тавары, і тое ня большыя за 15%. Адметна, што для гандлярак нават слова “распродаж” мае зусім іншае значэньне — для іх гэта проста больш шырокі асартымэнт тавараў, а ня продаж зь вялікімі зьніжкамі. А вось пакупнікі вітаюць ідэю калядных распродажаў.

(Спадарыня: ) “Ва ўсім сьвеце заведзена ладзіць калядныя распродажы, калядныя зьніжкі, але ў нас гэта сустракаецца вельмі рэдка”.

(Іншая спадарыня: ) “Распродажы мусяць быць, але я не пайду на іх, бо ў мяне няма й такіх грошай”.

(Спадар: ) “Усё завалена таварамі, а каб таннае нешта было, дык не. Ёсьць шмат заляжалых тавараў, але ж на іх цэны не зьніжаюць. Зараз да сьвятаў набылі б зь вялікім задавальненьнем”.

(Спадарыня: ) “Я аднойчы зайшла ў краму, дзе было напісана, што “распродаж па нізкіх коштах”. Я паглядзела на гэтыя кошты. Нічога таннага мы ня бачым. Таму гэта ня тыя распродажы, што за мяжой. А ў нас гэта акцыі толькі для галачкі, сапраўдных зьніжак у нас няма”.

Больш распаўсюджаныя цяпер не распродажы, а перадсьвяточныя акцыі. Прыкладам, у тым жа ГУМе кожны дваццаты пакупнік абутку фірмы “ЛеГранд” атрымлівае хатнія тапкі. У выходныя дні пакупнікам тэлевізараў даюць у падарунак пляшку шампанскага.

Гэта тычыцца дзяржаўнага гандлю. Не найлепшая сытуацыя і ў прыватным бізнэсе, які павінен быць больш гнуткім і прывабным для пакупніка. Прыкладам, у гандлёвым цэнтры “Купалаўскі” таксама ня ладзяцца вялікія калядныя распродажы, і зьніжкі невялікія — 10–15%. Як распавялі гандляркі, звычайна ў іх перад сьвятамі кошты на тавары, наадварот, павялічваюцца, і толькі пасьля сьвятаў пры канцы сэзону ладзяцца распродажы.

Што да забаўляльных імпрэзаў на Каляды й Новы год, то сёлета ў Менску іх будзе багата. Распавядае прадстаўніца прэсавай службы Менгарвыканкаму Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “Ужо 15 сьнежня мусяць уключыцца нашыя яліны. Да Калядаў і Новага году яны павінныя быць усталяваныя ў кожным раёне, ня толькі на праспэкце Машэрава. Зараз маразы, там будуць залітыя каткі. З 25 сьнежня да 7 студзеня будуць ладзяцца навагоднія акцыі ля галоўных ялінаў гораду. 28 сьнежня будзе шэсьце Дзядоў Марозаў і Сьнягурак”.
XS
SM
MD
LG