Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫНА БЫЛОГА ПРЭМ’ЕРА МІХАІЛА ЧЫГІРА АЛЯКСАНДРА ЧАКАЕ НОВЫ СУД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вязьня Івацэвіцкай калёніі Аляксандра Чыгіра днямі пад аховай прывезьлі ў Менск і прад’явілі яму новае абвінавачаньне. Гэтым разам Аляксандар Чыгір, які быў асуджаны за ўдзел у крадзяжы аўтамабіляў, абвінавачваецца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Калі справа дойдзе да суду і сына былога прэм’ера прызнаюць вінаватым, ён атрымае тры гады турмы.

Між тым, Аляксандар Чыгір ужо асуджаны да сямі гадоў і паводле заканадаўства яму не пагражае павелічэньне тэрміну пакараньня. Чым жа тлумачыцца новы судовы перасьлед Аляксандра Чыгіра?

Ягоная маці й абаронца ў судзе Юлія Чыгір кажа, што ёй невядомы адказ на гэтае пытаньне. Абвінавачаньне сына ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці яна лічыць надуманым. Паводле Юліі Чыгір, яе сын ня быў прадпрымальнікам. Ён прадаваў аўтазапчасткі на рынку як наняты гандляр прадпрымальніка Каляды, якога затрымалі разам зь ім і дапыталі. Юлія Чыгір лічыць, што гэта пасьля катаваньняў і пагрозаў Каляда даў паказаньні, якія былі выкарыстаныя супраць яе сына.

(Юлія Чыгір: ) “Білі Каляду, білі нашага Сашу. У матэрыялах справы ёсьць акт экспэртызы пра пабоі ў Сашы, але тады ніхто ў гэтым не разьбіраўся, ні пракуратура, ні хто іншы”.

Цяпер, кажа Юлія Чыгір, справа яе сына знаходзіцца ў пракуратуры на праверцы, гэтак сама, як і справа Міхаіла Чыгіра ды яе асабістая справа, паводле якой яна была прызнаная вінаватай у нападзе на міліцыянта. Юлія Чыгір не выключае, што пракуратура ўзялася правяраць справы сям’і Чыгіроў пасьля іхных скаргаў на перасьлед з боку супрацоўнікаў сьледчага камітэту міліцыі.

У пракуратуры, аднак, гэтыя зьвесткі пацьвердзілі толькі часткова. Прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў нагадаў пра комплексную праверку Міністэрства ўнутраных справаў, і сьледчага камітэту ў тым ліку, якая ідзе ўжо другі месяц, і выказаў меркаваньне, што ў межах гэтай праверкі пракуратура зацікавілася і законнасьцю справаў супраць Чыгіроў. Вылучэньне новага абвінавачаньня супраць Аляксандра Чыгіра прэсавы сакратар патлумачыў тым, што нібыта “стала вядома пра ягонае іншае злачынства”.

Нагадаю, многія палітыкі й праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што сям’ю Чыгіроў улады перасьледуюць з прычыны апазыцыйнай дзейнасьці былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра.
XS
SM
MD
LG