Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГАЯ ХВАЛЯ ПРЫМУСОВАГА РАЗЗБРАЕНЬНЯ БЕЛАРУСАЎ


Ігар Карней, Менск

Гэта ўжо другая спроба прымусовага раззбраеньня насельніцтва. Першая адмысловым дэкрэтам Лукашэнкі была праведзеная два гады таму, і тады кіраўніцтва МУС адрапартавала пра 2500 адзінак баявых ствалоў, экспрапрыяваных на карысьць дзяржавы. Рэдкія ўладальнікі баявой зброі, якія засталіся пасьля канфіскацый двухгадовай даўнасьці, рэагуюць на новыя захады сустрэчным пытаньнем — як, прыкладам, былы баявы афіцэр Уладзімер Барадач.

(Барадач: ) “Дзеля чаго гэта ўсё робіцца? Для прыкладу, у ЗША больш за 200 мільёнаў ствалоў зброі, прычым, пераважна баявой. Амаль на кожнага чалавека ствол. І ўладзе гэта не пагражае. У нас жа колькасьць баявых ствалоў вельмі неістотная. Гэта тычыцца людзей, якія служылі ў МУС, КГБ, у войску. Прычым, гэта эліта, людзі, якія займалі высокія пасады. Але паколькі паняцьця прыватнай уласнасьці ў Беларусі не існуе, забраць можна ўсё. Ня варта гэтага рабіць зь людзьмі законапаслухмянымі, якія ніколі ня пойдуць на выкарыстаньне зброі ў пэўных мэтах. Засьцярогі, на маю думку, залішнія”.

Былы супрацоўнік КГБ Сяргей Аніська нагадвае, што дзяржава дагэтуль не разьлічылася з былымі ўладальнікамі зброі, адабранай у часе мінулай кампаніі.

(Аніська: ) “Тады ў першую чаргу трэба забраць у Лукашэнкі пісталет Макарава, якія ён дэпутатам Вярхоўнага Савету набыў на базе памежных войскаў у Дзяржынску. Я ведаю, што МУС падрыхтаваў аналітычную запіску, у якой паведамляецца: людзі зьвяртаюцца ў суды — забралі, дык нарэшце кампэнсуйце! У міністэрстве няма грошай. Па самых сьціплых падліках, на кампэнсацыю патрэбна 900 тысяч даляраў. Таму будзе, хутчэй за ўсё, рэвалюцыйная экспрапрыяцыя. Забралі — і ўсё. Альбо дадуць мізэр па коштах на момант канфіскацыі”.

Спадар Аніська ўпэўнены, што забіраць зброю будуць не ва ўсіх. Прынамсі, завуаляваная спасылка на пэўныя “выключэньні” дазваляе прагназаваць, што пачнецца падзел на “патрэбных людзей” і ўсіх астатніх.

У МУС абяцаюць, што працэдура адбіраньня пачнецца пасьля таго, як Міністэрства фінансаў зацьвердзіць сумы кампэнсацыяў. Але капітан другога рангу ў адстаўцы Валеры Шчукін прыгадвае: штосьці падобнае ўжо абяцалі два гады таму.

(Шчукін: ) “Ва ўсіх, хто нейкім чынам датычны да апазыцыі, усю зброю даўно пазабіралі. Зараз узяліся за астатніх, бо баяцца, не давяраюць нікому. Для сябе я задачы мець асабістую зброю ніколі ня ставіў, наўрад ці гэта дапаможа. Бралі Захаранку — у яго была зброя... Калі мэтанакіравана працуюць адмыслоўцы, зброю ўжыць усё роўна не пасьпееш. А з дурнямі варта вырашаць канфлікты мірным чынам. Увесь сьвет пытаньне зброі вырашыў: нармальны чалавек можа яе насіць. І мы павінныя да гэтага прыстасоўвацца”.

Яшчэ адзін былы дэпутат Уладзімер Нісьцюк прыгадвае: на пачатку 1990-х можна было зусім проста, нядорага і на законных падставах набыць самую разнастайную зброю. Прынамсі, Вярхоўны Савет 12 скліканьня быў узброены практычна пагалоўна. Найбольшы попыт мелі пісталеты Макарава, мадэрнізаваныя мадэлі Марголіна, Сьцечкіна — у сярэднім па 150 даляраў. Бралі і магутныя карабіны СКС, якія каштавалі блізу 1000 даляраў і якія везьлі наўпрост з вайсковых складоў.

Але напярэдадні 2000 году практычна ўсю зброю рашэньнем МУС забралі. Кагосьці выклікалі на прыстрэлку, забіралі й не аддавалі; хтосьці пісаў заявы і патрабаваў адпаведныя расьпіскі, каб некалі адсудзіць сваё права на зброю. Але адмыслоўцы ўпэўненыя, што найперш змагацца трэба ня з тымі, хто набыў зброю легальна, а шукаць тых, хто карыстаецца ёй незаконна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG