Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: “БЕЛАРУСКІ СУМ НА ЗАХОДНІХ МЕЖАХ”


Ул. інф.

Паводле аўтара артыкулу, які ў гэтыя сьнежаньскія дні наведаў літоўска-беларускую мяжу, маразы паляпшаюць чалавечыя кантакты. Памежнікі як зь літоўскага, так і зь беларускага бакоў ахвотна ішлі на размову. Літоўцы з гонарам дэманстравалі свой прыгожы сучасны будынак, у якім разам зь іхнай мытнай службай, дарэчы, месьціцца і беларуская; выказвалі надзею на тое, што неўзабаве праз гэты пераход пачнуць рухацца буйныя гандлёвыя патокі, а таксама ад імя Літвы дзякавалі Эўразьвязу за падтрымку.

Што да беларусаў, дык яны таксама знаходзілі добрыя словы пра новы будынак. Аднак пра падзяку Эўропе не казалі. Часьцей згадвалі пра рэгіён, які мусяць ахоўваць. Ім, памежнікам, добра зразумела, што зусім хутка тут будзе праходзіць зусім не беларуска-літоўская, а якасна іншая мяжа. У выніку іхныя літоўскія калегі апынуцца на фарпосьце заходняга сьвету, а яны... Ясна, што новая мяжа будзе дзяліць Эўропу на заможную заходнюю і бедную ўсходнюю.

Ці былі нейкія шанцы пазьбегнуць гэткага падзелу? — пытаньне, якое сёньня часта паўстае на ўсход ад Салечнікаў.

У Вільні, як і ў Маскве, адказ на пытаньне быццам даўно ўжо ёсьць. У абедзьвюх краінах памятаюць тыя сустрэчы Ельцына і Клінтана, калі расейскі лідэр настойваў на джэнтльмэнскім пагадненьні адносна Прыбалтыкі. Гэтыя краіны мусяць застацца пад былым уплывам і ня стаць часткай НАТО.

Тым ня менш, Літва зрабіла паварот у заходні бок. Яго магла зрабіць і Беларусь, чые шанцы на інтэграцыю з Эўропай па-ранейшаму неблагія. Аднак крокі Менску ў гэтым кірунку застаюцца маруднымі, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.

Паводле швайцарскага журналіста, ягоныя суразмоўцы — беларускія памежнікі — назіраюць за працэсамі ў Літве зь нейкімі зьмешанымі пачуцьцямі. Маёр памежных войскаў Юры кажа, што яму цяжка ўявіць краіну-суседку сябром Эўразьвязу і НАТО. Яшчэ ўчора краіны былі разам, ніхто ня быў лепшым ці горшым, усе былі роўныя. Сёньня ж... У Юры такое пачуцьцё, што гэта яго аддзялілі мяжой.

Аднак, каб ня даць волі эмоцыям, афіцэр пераходзіць на афіцыйную мову. Ён кажа, што новы пост добра паслужыць рэгіёну ў цэлым, што грошы Эўразьвязу такім чынам пойдуць і на беларускія патрэбы.

Калі размова заходзіць пра прэзыдэнта Лукашэнку, памежнікі маўчаць. Ім цяжка камэнтаваць заявы свайго кіраўніка кшталту: Беларусь ня будзе сачыць за сытуацыяй на сваіх заходніх межах, каб Захад напоўніцу атрымаў наркотыкі й нелегалаў зь бедных постсавецкіх краінаў. Юры доўга думае над адказам, недаверліва паглядае на сваіх калегаў, якія ў цяжкіх зімовых палітонах нагадваюць савецкіх салдатаў.

Аднак прафэсійны гонар афіцэра-памежніка перамагае: не, кажа ён, так ня пойдзе. Абавязак беларускага памежніка — абараняць межы Радзімы. Пакуль нічога ў канкрэтнай сытуацыі ня зьменіцца, ён і ягоныя калегі будуць пільна сачыць за парушальнікамі, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG