Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШВЭЦЫІ І НАРВЭГІІ АДБЫЛІСЯ ЎРАЧЫСТЫЯ ЦЫРЫМОНІІ ЎРУЧЭНЬНЯ НОБЭЛЕЎСКІХ ПРЭМІЯЎ ЗА 2002 ГОД


Віталь Тарас, Прага

Заходняя прэса акцэнтуе ўвагу на тым, што сёньня, у той час, як цяперашні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш рыхтуецца да магчымай вайны зь Іракам, у Осла прыбыў былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр, каб атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру. Прэмія была яму прысуджаная ня толькі за мінулыя заслугі, але і за шматлікія іншыя мірныя ініцыятывы. Нагадаем, што Картэр, напрыклад, нядаўна пабываў на Кубе, дзе сустрэўся з Фідэлем Кастра, хаця ЗША афіцыйна працягвае блякаду кубінскага рэжыму.

Выступаючы сёньня на цырымоніі атырманьня прэміі, Джымі Картэр выказаўся супраць палітыкі прэвэнтыўных ваенных удараў і заклікаў да супрацоўніцтва з ААН у сытуацыі зь Іракам. Нобэлеўскі ляўрэат падкрэсьліў у сваёй прамове:

“Мы павінны памятаць, што сёньня прынамсі восем дзяжаваў на Зямлі маюць ядзерную зброю. І тры з гэтых краінаў пагражаюць ужыць яе супраць сваіх суседзяў у рэгіёне, дзе існуе высокая міжнародная напружанасьць. У выпадку ядзерных краінаў прынцып прэвэнтыўнага ўдару можа прывесьці да катастрафічных наступстваў”.

76-гадовы Джымі Картэр скончыў амэрыканскую Вайскова-марскую акадэмію, служыў падводнікам на атамнай субмарыне. Пасьля сьмерці бацькі ў 1953-м годзе Джымі Картэр звольніўся ў запас і заняўся сельскагаспадарчым бізнэсам у штаце Джорджыя. У 1971-м годзе ён быў абраны губэрнатарам штату, а яшчэ празь пяць гадоў – прэзыдэнтам ЗША. У 1979-м годзе ён спрабаваў правесьці апэрацыю па вызваленьні закладнікаў з амбасады ЗША ў Тэгеране, якая скончылася няўдала. У выніку на прэзыдэнцкіх выбарах дэмакрата Джэймса Картэра перамог рэспубліканец Рональд Рэйган

Можна сказаць, што найбольшую вядомасьць Джымі Картэру прынес Кэмп-Дэвід. У 1978-м годзе ў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі Кэмп-Дэвід былі падпісаныя мірныя пагадненьні паміж Ізраілем і Эгіптам, якія фактычна прынесьлі даўгачаканы мір на Блізкім Уходзе. Нобэлеўскую прэмію атрымалі потым ізраільскі ды эгіпецкі кіраўнікі Бегін і Садат, а вось Джымі Картэра парадаксальным чынам абыйшлі. У нарвэскім нобэлеўскім камітэце кажуць пра чыста тэхнічныя прычыны. Невядома, што маецца на ўвазе. Але гістарычная справядлівасьць усё ж адноўленая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG