Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫЖЫВАЦЬ НАСТАЎНІКАМ ДАПАМАГАЮЦЬ КУРЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Начальніца фінансавай управы гарвыканкаму Ганна Мацкевіч паведаміла, што на выплату настаўнікам лістападаўскага заробку патрэбна 5 мільярдаў рублёў. Сёньня ўдалося накіраваць у раённыя аддзелы адукацыі на выдачу авансу 600 мільёнаў. Аднак грошай чакаюць ня толькі ў школах.

(Мацкевіч: ) “Гэта ня толькі настаўнікі. Гэта – культура, установы спорту, аховы здароўя. Іншымі словамі, нашы бюджэтнікі”.

Працяглыя нявыплаты заробку, невысокі яго памер вымушаюць настаўнікаў шукаць пабочны занятак. Распавядае выкладчык гарадзкога ліцэю спадар Слюнькоў.

(Слюнькоў: ) “Хто як выкручваецца. Хто на лецішчы болей працуе, хто кантрольныя выконвае для завочнікаў, дзецям дапамагае, займаецца рэпэтытарствам”.

Сям’я гарадзкіх пэдагогаў Валерыя і Марыі (прозьвішча прасілі не называць) наагул вымушаная заняцца разьвядзеньнем трусоў і курэй. У пэдагогаў трое дзяцей , і выжыць без дапаможнай гаспадаркі на настаўніцкія заробкі проста немагчыма. Распавядае выкладчык-бацька.

(Выкладчык: ) “Мы жывем у 9-павярховым доме. У падвале было невялічкае месца. Адгарадзіў гэтае месца, пабудаваў клетачку для курэй і некалькі клетак для трусоў. Там яны і жывуць у цяпле зімою. Летам – пераяжджаем на лецішча”.

Пытаюся ў суразмоўцы, ці дапамагае такая гаспадарка выжыць.

(Выкладчык: ) “Канечне. Калі вельмі цяжка становіцца, то даводзіцца зьесьці курку альбо труса, з бульбачкай, вырашчанай на лецішчы”.
XS
SM
MD
LG