Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕХ ВАЛЕНСА: “Я ЎПЭЎНЕНЫ, ШТО РАНЕЙ ЦІ ПАЗЬНЕЙ РАХУНКІ БУДУЦЬ ЗЬВЕДЗЕНЫЯ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Чарговы этап аднаго з найбольш гучных працэсаў у пост-камуністычнай Польшчы – працэсу ў справе забойства ксяндза Ежы Папялушкі, скончыўся ўчора.

Ад 1980 году ксёндз Папялушка быў цесна зьвязаны з польскай рабочай апазыцыяй. Набажэнствы за Айчыну, якія ён ладзіў у часе ваеннага стану, зьбіралі натоўпы людзей.

Прамаскоўская ўлада Польскай Народнай Рэспублікі ненавідзела айца Папялушку за адкрытую падтрымку Леха Валенсы і дэмакратычных рухаў, за мужнасьць і цьвёрдыя антыкамуністычныя перакананьні.

Восеньню 1984 году машыну Ежы Папялушкі затрымалі трое супрацоўнікаў службы бясьпекі, апранутыя ў міліцэйскія мундзіры. У яго забралі ключы, накінулі кайданкі, потым аглушылі ўдарам ў галаву ды ўвапхнулі ў багажнік міліцэйскай машыны. Пазьней сьвятара моцна зьбілі, а ўначы кінулі ў Віслу.

Літаральна празь некалькі дзён спраўцы гучнага забойства былі знойдзеныя. У выніку судовага працэсу, які праходзіў пад пільным кантролем Міністэрства ўнутраных справаў, яны атрымалі ад 14 да 25 гадоў пазбаўленьня волі. Асуджаныя казалі, што зьдзейсьнілі гэтае злачынства з уласнай ініцыятывы.

Гэта выглядала, аднак, мала праўдападобным, таму на пачатку 1990-х, ужо пасьля сканчэньня камуністычнага панаваньня, адбылася спроба прыцягнуць да адказнасьці ў гэтай справе генэрала Ўладзіслава Цястоня, былога кіраўніка Службы Бясьпекі Польшчы, які, паводле пракуратуры, мусіў калі не асабіста загадаць забойства сьвятара, дык прынамсі ведаць пра гэтыя злачынныя пляны.

Суд, аднак, палічыў, што доказаў непасрэднага ўдзелу генэрала Цястоня ў гэтым забойстве няма, ды прызнаў яго невінаватым.

Аналягічны прысуд быў вынесены і ўчора, пры канцы другога працэсу ў справе забойства Ежы Папялушкі.

Былыя вязьні камуністычнага рэжыму і дзеячы падпольных апазыцыйных арганізацыяў, аднак, упэўненыя, што на гэтым справа ня скончаная і што былы кіраўнік спэцслужбаў усё адно будзе асуджаны.

А вось меркаваньне ў гэтай справе былога прэзыдэнта Польшчы, сябра забітага сьвятара, Леха Валенсы:

(Валенса: ) “Я ўпэўнены, што раней ці пазьней рахункі будуць зьведзеныя. Трэба разумець, што гаворка йдзе пра кіраўніка службы бясьпекі, а служба бясьпекі была добра зарганізаваная, і яны мелі час зьнішчыць усе доказы. Суд у такім выпадку бездапаможны. Усе адчуваюць, што нешта ў гэтай справе ня так, але ў судзе дэмакратычнай дзяржавы віна павінна быць дакладна даведзеная. А натуральна, што кіраўнік службы бясьпекі не пісаў загады забіць каго-небудзь у трох паасобніках з подпісам і пячаткай. Калі нейкія і былі, дык пэўныя фрагмэнты гэтых доказаў былі папросту зьнішчаныя”.

Выглядае, што справа ксяндза Папялушкі сапраўды яшчэ ня скончаная. Як паведамляюць некаторыя газэты, польскі Інстытут Нацыянальнай Памяці, які асобна дасьледуе забойства сьвятара, мае новыя матэрыялы, паводле якіх Ежы Папялушка, магчыма, быў забіты пазьней, а ў турму, каб схаваць свой ўдзел у гэтым злачынстве, камуністычная ўлада пасадзіла нявінных людзей.

Ня скончаная і справа былога кіраўніка Польскай Народнай Рэспублікі, генэрала Войцэха Ярузэльскага. Ён абвінавачваецца ў сьмерці 44 рабочых, якіх вайскоўцы забілі ў часе акцыі пратэсту ў 1970 годзе ў Гдыні. Генэрал Ярузэльскі быў тады міністрам абароны Польшчы і браў удзел у падаўленьні пратэстаў. Калі віна былога камуністычнага лідэра будзе даведзеная, дык ён і яшчэ шасьцёра ягоных паплечнікаў, што мелі дачыненьне да забойстваў мірных дэманстрантаў, могуць атрымаць нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

Час ад часу ў Польшчы адбываюцца суды і над былымі сьледчымі спэцслужбаў, якія зацята зьдзекаваліся з арыштаваных суайчыньнікаў у часы сталінскага тэрору.

Палякі нярэдка кажуць, што ў такіх справах істотны не памер судовага выраку, а сам факт, што справядлівасьць, урэшце, перамагае. А гэта ёсьць добрай навукай для тых, хто пры ўладзе сёньня – за злачынствы раней ці пазьней, але ўсё ж прыйдзецца адказваць.
XS
SM
MD
LG