Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДБЫЎСЯ ПІКЕТ КАЛЯ БЕЛАРУСКАЙ АМБАСАДЫ Ў ВАРШАВЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Каля 10 беларускіх палітычных уцекачоў, студэнтаў, якія вучацца ў Варшаве, а таксама грамадзянаў Польшчы, прыйшлі раніцай да беларускай амбасады на знак салідарнасьці з тымі, хто сёньня ў Беларўсі бярэ ўдзел у акцыях, прысьвечаных дню правоў чалавека.

Удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, партрэты Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Зьмітра Завадзкага, а таксама асуджаных журналістаў “Пагоні”.

“Дзе Ганчар, Захаранка, Завадзкі?”, “Свабоду Маркевічу і Мажэйку” – плякаты з такімі надпісамі былі разьмешчаныя насупраць вокнаў беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Прысутныя раздавалі мінакам адмысловую ўлётку з расповедам пра зьнікненьні апазыцыйных дзеячоў, а таксама пра перасьлед журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.

Гаворыць арганізатар акцыі, сябра палітсавету Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка:

(Карніенка: ) “Улада павінна памятаць, што нас непакоіць гэтая праблема і мы будзем ладзіць такія акцыі, дапамагацца праўды пра зьнікненьні вядомых людзей, патрабаваць волі для палітычных зьняволеных. Улада павінна ведаць пра гэта нават тут, за мяжой. Важна таксама яшчэ раз нагадаць замежным сродкам масавай інфармацыі і народам суседніх краінаў пра тое, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека і нам патрэбная дапамога міжнароднай супольнасьці ў вырашэньні беларускіх праблемаў.

Варта адзначыць, што адзін з супрацоўнікаў беларускай амбасады некалькі разоў праз акно фатаграфаваў удзельнікаў пікету.
XS
SM
MD
LG