Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГЛЯБАЛЬНАЕ ПАЦЯПЛЕНЬНЕ – ГЭТА ДОБРА”, – СЬЦЬВЯРДЖАЕ ПУБЛІКАЦЫЯ Ў БРЫТАНСКАЙ ГАЗЭЦЕ


Юры Сьвірко, Прага

Можна амаль не сумнявацца, што глябальнае пацяпленьне ёсьць насамрэч, піша Данкан Стыл, які выкладае касьмічную тэхналёгію ўва ўнівэрсытэце Сэлфарда. Калі навукоўцы спрачаюцца наконт яго, дык звычайна пра тое, наколькі вялікім будзе рост тэмпэратуры паводле іхніх разьлікаў на наступнае дзесяцігодзьдзе або стагодзьдзе, а не пра тое, ці адбудзецца ўвогуле хаця б нейкае пацяпленьне. “Такім чынам, цяпло йдзе. Прынамсі я спадзяюся, што гэта так, таму што парніковы эфэкт – гэта добрая рэч”, – зазначае спадар Стыл.

Зьвернемся да гістарычных запісаў, якія адлюстроўваюць зьмены нашага клімату цягам апошніх некалькіх тысячагодзьдзяў. Калі вярнуцца на 10 гадоў таму, мы ўбачым, што выкіды пылу або дыму ў атмасфэру – напрыклад, падчас вулканічнага вывяржэньня на гары Мінатуба ці нафтавых пажараў пасьля вайны ў Пэрскай затоцы – прыводзілі да невялікага зьмяншэньня тэмпэратуры, таму што часьцінкі ў паветры адбіваюць сонечныя промні. Калі вярнуцца ў 17-е стагодзьдзе, дык можна заўважыць “малы ледніковы пэрыяд”, падчас якога замерзла рака Тэмза й на яе лёдзе ў Лёндане ладзілі кірмашы. Гэта здарылася ў той час, калі было павелічэньне колькасьці плямаў на Сонцы, і таму, мажліва, было выклікана зьменшаным сонечным апраменьваньнем. “Чаму – мы ня ведаем, але гэта здарылася”, – піша Данкан Стыл.

Пачынаючы з 540 году нашае эры, у Эўропе распаўсюдзілася чума. Яна была справакаваная рэзкімі кліматычнымі зьменамі. Падобна да гэтага, археалягічныя знаходкі прызнаюць некалькі адначасовых крахаў адасобленых цывілізацыяў – напрыклад, каля 1650 і 2350 гадоў да нашай эры. Паміж гэтымі крахамі не было ніякай відавочнай сувязі, акрамя шырока распаўсюджанага пагаршэньня клімату.

Такім чынам, зазначае спадар Стыл, адносна невялікія зьмены ў колькасьці сонечных промняў, якія дасягаюць паверхні зямлі, могуць прывесьці да зьніжэньня тэмпэратуры й праз гэта – да заняпаду раней эфэктыўных сельскагаспадарчых сыстэмаў і эканомік.

Калі ж глядзець назад далей за апошнія 12 тысячаў гадоў адносна цёплае мінуўшчыны, можна заўважыць, што нармальныя ўмовы на Зямлі былі значна больш халоднымі, чымся цяперашнія. Нормай ёсьць ледніковы пэрыяд. Замарозьце крыху клімат – і наступствы гэтага выклікаюць далейшае зьніжэньне тэмпэратуры. Сьнежныя палі Арктыкі ссоўваюцца на поўдзень, і з тае прычыны, што сьнег адбівае больш сонечных промняў, чым простая зямля, тэмпэратура падае яшчэ больш. Тады выпадае больш сьнегу, і так працягваецца ўвесь час.

Калі скарыстацца мэтафарай, глябальны клімат падобны на край скалы, каля якога йдзе п’яны чалавек. Адзін крок у ня тым кірунку – і ён падае. Хаця мы ўсе хацелі б, каб усё заставалася ранейшым, у рэальнасьці нічога, асабліва надвор’е, ня ёсьць пастаянным. “Пахаладаньне падаецца хуткім і выклікае катастрафічны заняпад цывілізацыі”, – кажа Данкан Стыл і дадае: “Але мы можам справіцца з тэндэнцыямі павольнага падвышэньня тэмпэратуры. Нашай мантрай мусіць быць: павольныя зьмены добрыя, хуткія зьмены кепскія”.

Улічваючы, што мы ня можам выключыць выпадковых крокаў у бездань, нам трэба зрабіць так, каб наш п’яны знаходзіўся на бясьпечнай адлегласьці ад абрыву, – зазначае спадар Стыл. Вось чаму глябальнае пацяпленьне ёсьць добрай рэччу. Насамрэч жыцьцё на Зямлі існуе дзякуючы парніковаму эфэкту. Гэта стала ясным пасьля дасьледаваньняў іншых плянэтаў. Спрабуючы зарзумець, чаму на паверхні Венэры такая высокая тэмпэратура (блізка да 500 градусаў Цэлсыю), мы даведаліся, чаму зямная атмасфэра падтрымлівае цяпло, і асэнсавалі, што падвышаны ўзровень вуглякіслага газу ад спаленага паліва мусіць абавязкова падвысіць тэмпэратуру Зямлі.

Няма сумневу, што наша плянэта залежыць ад парніковага эфэкту, піша Данкан Стыл. Прыроднае ўзьдзеяньне атмасфэры павялічвае зямную тэмпэратуру амаль на 40 градусаў. Месяц знаходзіцца на такой самай адлегласьці ад сонца, як і мы, але там значна больш халодна, бо на месяцы няма паветра.

Бясспрэчна, што ёсьць сур’ёзныя нэгатэўныя наступствы глябальнага пацяпленьня. Некаторыя рэгіёны, якія знаходзяцца на нізкім узроўні адносна мора, могуць быць затопленыя – напрыклад, Банглядэш і шэраг выспаў у Ціхім акіяне. Разьвітыя нацыі, якія выкідваюць у атмасфэру бальшыню вуглякіслага газу, павінны знайсьці спосабы, як дапамагчы тамтэйшаму насельніцтву. Аднак пацерпяць ня толькі краіны, якія разьвіваюцца. Напрыклад, большая частка Флёрыды можа стаць балотам. Праз 100 гадоў горад Маямі можа зьнікнуць, але стагодзьдзе таму на гэтым месцы нічога не было. Такія зьмены – павольныя паводле шкалы чалавечага жыцьця – выклікаюць перамяшчэньне людзей і пастаянна назіраліся ў гісторыі. У Брытаніі берагавая лінія ніколі не была сталай. Тое месца, дзе ў 1066 годзе высадзіўся Вільям Заваёўнік, цяпер знаходзіцца ўнутры выспы Вялікая Брытанія. Для выкарыстаньня людзьмі ўсяе плянэты, мажліва, трэба будзе пакінуць некаторыя рэгіёны, а новыя зоны стануць прыдатнымі для жыцьця, бо Зямля паціху разаграваецца. Рух – гэта прыродная функцыя чалавецтва, які пошук новых магчымасьцяў і гарызонтаў.

Такім чынам, робіць выснову Данкан Стыл, глябальнае пацяпленьне – гэта вялікая рэч, таму што абараняе нас ад непрадказальнага вялікага замарожваньня, якое было б значна, значна больш горшым.
XS
SM
MD
LG