Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЧАЛА ДЗЕЙНІЧАЦЬ ПРАДУСАРСКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА “ПРЫНАМСІ-РЭКАРДЗ”


Галіна Абакунчык, Менск

Новая прадусарская ініцыятыва абвесьціла пра пачатак сваёй дзейнасьці выданьнем кампакт-дыску маладога беларускага гурту “Partyzone”. Менавіта раскруткай малавядомых айчынных музыкаў і зьбіраецца заняцца грамадзкая арганізацыя “Прынамсі-рэкардз”, заснавальнікам якой выступіў музычны крытык Вітаўт Мартыненка.

(Мартыненка: ) “Мяне яшчэ ў студэнцкія гады ціснула гэтае становішча: у Беларусі няма беларускага радыё, беларускага тэлебачаньня. Цяпер у “гарачай дзясятцы” гучыць Алсу. Усё гэта прымусіла аднавіць юначыя мары й стварыць “Прынамсі-рэкардз”.

Спадар Мартыненка празнаецца, што арганізаваць уласную прадусарскую фірму яго натхнілі папярэднікі — грамадзкая арганізацыя “Беларуская музычная альтэрнатыва”. Колькі гадоў, як яна пасьпяхова прапагандуе нацыянальную музыку і айчынных выканаўцаў. Заснавальнік гэтай арганізацыі Віталь Супрановіч, аднак, не хвалюецца за канкурэнцыю, але вітае новае пачынаньне.

(Супрановіч: ) “Вітаўт Мапртыненка можа прадбачыць попыт і вядомасьць некаторых гуртоў. Напрыклад, у свой час ён захапіўся гуртом “Мроя”, хоць некаторыя журналісты вельмі адмоўна ставіліся, калі гэты гурт узьнік. Як вынік — “Мроя”, а цяпер “NRM” — вельмі папулярны беларускі гурт. Гэтая справа ня вельмі самаакупляльная, таму мы будзем толькі вітаць, калі акрамя нас яшчэ хтосьці будзе выдаваць беларускія праграмы”.

Асобна можна адзначыць лягатып і назву новай арганізацыі: фірмовы знак з чырвона-белых колераў, які крыху нагадвае свастыку, дапоўнены малазвычайнай назвай “Прынамсі.” Але спадар Мартыненка ня раіць шукаць тут нейкіх аналёгіяў, бо ўсё тлумачыць нацыянальнай сымболікай. Гаворыць Вітаўт Мартыненка:

(Мартыненка: ) “Так званыя свастыкі, яны вельмі шматзначныя. У маім знаку гэтыя ражкі — гэта сымбаль мужчынскі й сымбаль жаночы. Для назвы “Прынамсі-рэкардз” я адшукваў словы, якія зусім ня маюць аналягаў у расейскай мове. Для расейцаў гэта будзе азначаць — “по крайней мере диски”. Мы пакуль ня можам стварыць беларускі шоў-бізнэс, але “Прынамсі-рэкардз” у нас ужо ёсьць”.

Наступны кампакт-дыск, які намерваецца выдаць “Прынамсі-рэкардз”, мусіць стаць альбом найлепшых запісаў вядомага беларускага гурту “Мясцовы час”.
XS
SM
MD
LG