Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЙСКАЯ “DIE PRESSE” ПРА МАГЧЫМАЕ РАЗЬВІЦЬЦЁ СЫТУАЦЫІ ВАКОЛ МІСІІ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Ул. інф.

Як вынікае з артыкулу аўстрыйскага журналіста Віланда Шнайдэра, падставай для закуліснага руху стала “партугальская пазыцыя ў беларускім пытаньні”. Аўтар артыкулу выказвае меркаваньне, што напярэдадні саміту некаторыя заходнія кіраўнікі давялі да Лісабону сваё стаўленьне да неадэкватнай рэакцыі цяпэрашняй краіны-старшыні АБСЭ на дзеяньні беларускага рэжыму.

Аўтакрат Лукашэнка летась фактычна выставіў са сваёй краіны сталых назіральнікаў АБСЭ, якія адпаведна са сваім мандатам адсочвалі сытуацыю з правамі чалавека і свабодай СМІ ў Беларусі. Становішча ў гэтых галінах дагэтуль застаецца надзвычай складаным. Тым ня менш, Партугалія — адзіная ў Эўразьвязе — не падтрымала візавых санкцыяў Брусэлю супраць беларускага кіраўніцтва. Цяперашняя няяўка ў Порту кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Францыі й ЗША ёсьць, паводле выданьня, пэўнага кшталту дыпляматычнай рэакцыяй у адказ на партугальскую пазыцыю.

У гэтым зьвязку няцяжка зразумець, чаму нават самыя маленькія зрухі Менску ў справе перамоваў наконт місіі АБСЭ ўспрымаюцца Лісабонам як сапраўдны трыюмф, чаму ў часе завяршэньня працы саміту ў Порту ў голасе партугальскага міністра замежных справаў Антоніё ды Кружа можна было пачуць надзвычайны аптымізм. “Беларусь нарэшце пагадзілася на дыялёг наконт КНГ. Гэта добры пачатак”, — заявіў міністар.

Спадар ды Круж перакананы, што шлях да дыялёгу зь Менскам, якога прытрымліваецца ягоная краіна, правільны. Міністар нават разьлічвае на тое, што аднаўленьне працы менскага бюро АБСЭ магчымае ўжо ад пачатку 2003 году.

Падобных надзеяў, аднак, не падзяляюць прадстаўнікі пэўных заходніх колаў. Уважліва праслухаўшы прамову міністра Хвастова дый ягоныя адказы на пытаньні журналістаў, назіральнікі надаюць увагу тым праграмным момантам, які афіцыйны Менск даручыў агучыць у Порту кіраўніку беларускай дыпляматыі. А менавіта — таму, што праца новай місіі мусіць адпавядаць інтарэсам беларускага кіраўніцтва, што назіральнікам АБСЭ не дазволена “гуляць” на палітычным полі краіны і тым больш займацца падтрымкай апазыцыйных уладам партыяў — карацей, рабіць усё тое, што адпаведна са сваім мандатам рабіў былы кіраўнік менскай місіі Ганс-Георг Вік.

Прадстаўнікі ЗША адрэагавалі на гэтыя праграмныя патрабаваньні з пэўным скептыцызмам, заявіўшы, што спачатку трэба ўбачыць і прааналізаваць тыя прапановы, якія Менск прадставіць гэтымі днямі ў Вене.

Адзін з адказных чыноўнікаў амэрыканскага ўраду, які ў размове з журналістам “Die Presse” пажадаў застацца неназваным, заявіў, што з сумневам ставіцца да магчымасьці хуткай згоды паміж Захадам і Менскам. Прэтэнзіі беларускага кіраўніцтва адносна ўплыву на працу назіральнікаў АБСЭ непрымальныя. Паводле амэрыканскага чыноўніка, незразумела, чаму Менск вырашыў вучыць АБСЭ, якія арганізацыі ёй трэба падтрымліваць, а якія — не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG