Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАШЫРЭНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НЕ ПАВІННА ПРЫВЕСЬЦІ ДА ІЗАЛЯЦЫІ ЗВЫЧАЙНЫХ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Удзельнікі Кангрэсу абмеркавалі дзьве ўласна беларускія тэмы: “Польшча і Беларусь – цяжкае суседзтва? Сцэнары на будучае і роля міжнароднай супольнасьці”, а таксама “Беларусь – ад дыктатуры да дэмакратыі”.

У дыскусіі бралі ўдзел польскія і беларускія палітыкі, навукоўцы, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў і сродкаў масавай інфармацыі. Паводле шэрагу выступоўцаў, галоўнай праблемай для Беларусі і яе суседзяў, якія ў хуткім часе далучацца да Эўразьвязу, ёсьць тое, што Брусэль, як і Варшава, хутчэй за ўсё, дагэтуль ня маюць ніякай стратэгіі будучых стасункаў зь Менскам.

Прамаўляючы ў часе форуму, прадстаўнікі Маладога Фронту спрабавалі прадставіць сваё бачаньне адносінаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Сяргей Лісічонак.

(Лісічонак: ) “Мы хочам гэта бачыць у якасьці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва паміж грамадзянскай супольнасьцю. У адпаведнасьці з палітыкай Эўразьвязу, кантакты з афіцыйнымі беларускімі ўладамі будуць абмежаваныя. Таму для нас важна не дапусьціць ізаляцыі звычайных грамадзянаў Беларусі і асабліва беларускай моладзі”.

Што да ролі міжнароднай супольнасьці, у тым ліку і Польшчы, у дэмакратызацыі Беларусі, дык агульны настрой дыскусіі ў гэтай справе, бадай, адлюстроўваюць словы з прамовы карэспандэнткі ў Польшчы зачыненай газэты “Наша Свабода” Людмілы Гулякевіч.

(Гулякевіч: ) “Адзін зь нямецкіх палітыкаў сказаў: “Гэта ілюзія, што істотны ўплыў на разьвіцьцё Беларусі могуць зрабіць Захад ці Расея. Усё залежыць ад саміх беларусаў”. Гэта так, але добра вядома, што на палітыку якой заўгодна краіны ўплываюць і ншыя дзяржавы. Некалькі стагодзьдзяў таму, каб усталяваць добрыя стасункі паміж Польшай і Беларусьсю, было б дастаткова, каб сын Аляксандра Лукашэнкі ажаніўся з дачкой Аляксандра Квасьнеўскага. Нажаль, мы жывем у ХХІ стагодзьдзі і цяпер у палітыцы выкарыстоўваюцца больш складаныя і адначасова менш эфэктыўныя інструмэнты”.

Паводле арганізатараў Кангрэсу – польскай партыі “Маладыя дэмакраты”, адным з гэтых інструмэнтаў мусіць быць лабіраваньне палякамі інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне. Менавіта таму столькі ўвагі ў часе форуму было нададзена беларускім пытаньням. Гаворыць адзін зь лідэраў “Маладых дэмакратаў” Міхал Мотл:

(Мотл: ) “Мы як моладзевая палітычная партыя лічым сытуацыю ў Беларусі вельмі важнай для Эўропы. З кантактаў зь беларускімі апазыцыйнымі моладзевымі арганізацыямі мы зразумелі, што можам рабіць вельмі істотную для іх працу – уздымаць праблемы Беларусі на міжнароднай арэне, абмяркоўваць іх з нашымі адзінадумцамі з усяго кантынэнту. Паўтаруся, што фактычна сытуацыя ў Беларусі тычыцца нас усіх, і гэтым павінны займацца ў першую чаргу палякі, але іншыя краіны таксама”.

Паводле арганізатараў Кангрэсу, сытуацыя ў Беларусі будзе напэўна сур’ёзна абмеркаваная ў часе наступнага форуму моладзевых арганізацыяў Эўрапейскай Народнай партыі, што адбудзецца ў Гаазе ў сакавіку наступнага году.
XS
SM
MD
LG