Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ З ПРОДАЖАМ СВАЁЙ ДОЛІ СТРАЦІЦЬ ПАЛІТЫЧНЫ ЎПЛЫЎ НА “СЛАЎНАФТУ”


Міхал Стэльмак, Менск

Абвешчаны ўчора продаж беларускай долі “Слаўнафты” за 207 мільёнаў даляраў у айчынных аналітыкаў выклікаў шчырае зьдзіўленьне. Вось што зазначыў на гэты конт прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “Я думаю, што кошт кампаніі “Слаўнафта” большы за 210 мільёнаў даляраў. Калі пакет акцыяў складае каля 11%, то, як я думаю, кошт мусіць быць каля 300 мільёнаў даляраў”.

Пра рэальны кошт беларускага пакету акцыяў “Слаўнафты” на 300 мільёнаў даляраў сьведчаць і меркаваньні іншых экспэртаў. У тым ліку расейскіх. Зрэшты, і сам Аляксандар Лукашэнка яшчэ 29 лістапада лічыў угоду на 207 мільёнаў нявыгаднай. Паводле ягоных словаў, у свой час за акцыі “Слаўнафты” аддалі траціну Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Няма сумневу, што Лукашэнка зьмяніў сваю думку з прычыны цяперашніх абставінаў, найперш у сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам краіны.

Між тым, апроч страты эканамічнай выгады, як лічыць Аляксандар Патупа, Беларусь пасьля продажу сваёй долі “Слаўнафты будзе мець і палітычныя выдаткі:

(Патупа: ) “У “Слаўнафце” мы мелі ня толькі акцыі, але й адміністратыўны рэсурс. Беларусь мела большы ўплыў, чымсьці гэтыя акцыі. Яна абараняла кіраўнікоў “Слаўнафты” ад ціску. Гэта быў палітычны дадатак”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэтая ўгода заканчэньне палітчных скандалаў вакол “Слаўнафты”?”

(Патупа: ) “Гэта будзе толькі расейскі фармат. Гэта, можа, будуць толькі расейскія скандалы. У нас магчымыя скандалы толькі вакол канкрэтнага кантракту. Беларусь будзе са “Слаўнафтай” мець толькі кантрактныя дачыненьні. І палітычны ўплыў на гэтыя кантракты будзе блізкі да нуля. Вось і ўсё”, — мяркуе Аляксандар Патупа, прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG