Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ СТАТУТ АКАДЭМІІ НАВУК: УЗДЫМ ЦІ ЗАНЯПАД?


Аляксей Знаткевіч, Менск

Новы статут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі юрыдычна замацоўвае зьмяненьні ў яе структуры функцыях, якія Аляксандар Лукашэнка ўвёў сваімі дэкрэтамі летась і сёлета. Арганізацыя атрымала шэраг новых паўнамоцтваў. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Юры Плескачэўскі.

(Плескачэўскі: ) “Гэта ўнясеньне прапановаў па фінансаваньні навуковай, а таксама інавацыйнай дзейнасьці. Упершыню на Акадэмію адназначна ўскладзена забесьпячэньне інфарматызацыі ды навукова-тэхнічнай інфармацыі. Адпаведныя структуры ствараюцца ці перадаюцца ў Нацыянальную акадэмію навук. Упершыню атрыманае права кантролю за эфэктыўным выкарыстаньнем фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца на фундамэнтальныя і прыкладныя навуковыя распрацоўкі. І, вельмі важная функцыя, – правядзеньне навукова тэхнічнай экспэртызы ў пытаньнях набыцьця за мяжой тэхналёгіяў і дарагога абсталяваньня. Цяпер такія закупкі за мяжой могуць праводзіцца толькі на падмурку экспэртызы ў Акадэміі навук”.

Асноўная крытыка зьмяненьняў у Акадэміі навук была выкліканая тым, што цяпер яе кіраўніцтва не абіраецца, але прызначаецца. Вось што кажа акадэмік Радзім Гарэцкі, ганаровы дырэктар інстытута геалягічных навук і загадчык лябараторыя геатэктонікі, які адзіны галасаваў супраць новага статуту.

(Гарэцкі: ) “Вэртыкаль” гэткая зроблена – як у краіне, гэтак і ў нас у навуцы. Прэзыдэнт прызначае і дырэктараў, і гэтак далей, прычым на кантрактнай аснове. Ня выбарчыя гэтыя кандыдатуры дырэктараў – яны прызначаюцца згары. Мне гэта здаецца недэмакратычным і вельмі няўдалым для нашай акадэмічнай навукі”.

Вось што на гэта кажа віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Юры Плескачэўскі:
(Плескачэўскі: ) “Акадэмія навук – гэта дзяржаўная навуковая арганізацыя. Яна фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. І ў адпаведнасьці з гэтым кіраўнік дзяржавы мае права ўзяць на сябе функцыю прызначэньня прэзыдэнта, віцэ-прэзыдэнтаў і ўсяго складу прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук”.

Вядучы навуковы супрацоўнік інстытута літаратуры Іван Саверчанка кажа, што на сёньня “вэртыкальная” структура Акадэміі навук – гэта хутчэй пазытыўная зьява, бо дазваляе правесьці неабходныя рэформы.

(Саверчанка: ) “Апэратыўна вырашаецца мноства арганізацыйных пытаньняў. У гэтым ёсьць і свае плюсы і свае мінусы. Тут ужо ўсё залежыць ад таго, як гэтымі шырокімі паўнамоцтвамі скарыстаецца новае кіраўніцтва – ці яно скарыстаецца імі дзеля пазытыўных зьменаў, ці наадварот, для замацаваньня пэрсанальнай улады, захапленьня гэтымі паўнамоцтвамі. Першы год засьведчыў, што новае кіраўніцтва здатнае пайсьці шляхам паступовай трансфармацыі ў пазытыўным накірунку”.

Спадар Саверчанка лічыць, што новае кіраўніцтва акадэміі дэманструе жаданьне будаваць незалежную беларускую навуку. Ён кажа, што пасьля прыняцьця новага статуту можна будзе пераканацца, наколькі сур’ёзныя гэтыя намеры.

(Саверчанка: ) “Менавіта цяпер, пасьля прыняцьця статуту, наступіў момант ісьціны – альбо адбудзецца рэзкі ўздым Акадэміі, альбо яе дэградацыя і заняпад”.
XS
SM
MD
LG