Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

Лісты зь няволі

Амаль тры месяцы адбываюць пакараньне гарадзенскія журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка. У нашай праграме ў выходныя яны распавядуць пра ўмовы ўтрыманьня і праблемы, зь якімі асуджаныя сутыкаюцца.

Мікола Маркевіч, які адбывае пакараньне ў Асіповічах, распавядае, што яму ўжо пагражаюць папярэджаньнем. За тры папярэджаньні можна апынуцца на “зоне”.

Павал Мажэйка ў Жлобіне. Як ён гаворыць, адчувае сябе ўжо не навічком і расказвае, як новапрыбылыя спрабуюць адаптавацца на хіміі – да іх прыяжджае нават “хуткая дапамога” – асуджаныя не вытрымліваюць...

Новы год сьвяткаваць дома змогуць тыя, хто ня мае парушэньняў. А парушэньне на хіміі – гэта любы свабодны крок...

Аповеды Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі слухайце ў суботу і нядзелю.


“Здароўе”. 7 сьнежня

Калі з вашым шэфам, мужам, настаўнікам ці калегам здараюцца дзіўныя мэтамарфозы і звычайна спакойны чалавек раптам бяз дай прычыны робіцца раздражнёны і агрэсіўны – не раздражняйцеся і вы. На гэта ёсьць прычыны. Зьмены настрою ў жанчын зьвязаныя пераважна зь іх месячным цыклам. Апошнім часам зьяўляецца ўсё больш паведамленьняў, што і мужчыны маюць свае “месячныя” – у іх таксама пэрыядычна падае ўзровень гармонаў у арганізме і ад гэтага псуецца настрой. Зьява атрымала і сваю назву – сындром мужчынскай раздражнёнасьці.


“Суботні дыялёг”. 7 сьнежня

Працягваем лёнданскія дыялёгі з Ірынай Халіп. Госьць праграмы, якая прагучыць у эфіры ў суботу – Вальдэмар Калінін, цыганскі паэт зь Віцебшчыны, які некалі адмовіўся стаць баронам. Зараз ён – выкладчык цыганскай мовы ў Лёндане.


“Вольная студыя”. 8 сьнежня

Пры слове “рэпрэсіі” ў памяці міжволі ўзьнікаюць 30-я гады мінулага стагодзьдзя, калі сотні тысяч беларусаў былі расстраляныя альбо вывезеныя ў сыбірскія канцлягеры. Але чужаземнаму гвалту ў Беларусі, на жаль, нашмат больш гадоў. Леанід Маракоў налічыў адзінаццаць хваляў рэпрэсіяў за прамінулыя два стагодзьдзі. І ня толькі налічыў, але й склаў трохтомавы энцыкляпэдычны даведнік “Рэпрэсаваныя літаратары, вучоныя й дзеячы культуры Беларусі”, першыя два тамы якога днямі пабачылі сьвет. Гутарку Міхася Скоблы з дасьледчыкам слухайце ў нядзельнай “Вольнай студыі”.


“Праскі акцэнт”. 8 сьнежня

У скандале вакол былога пасла Беларусі ў Японіі Пятра Краўчанкі многія ўбачылі сымптом крызысу беларускіх уладаў. Ці сапраўды за лякальным эпізодам крыецца палітычны канфлікт? Чаму заява Пятра Краўчанкі пра намер балятавацца ў прэзыдэнты, а перад гэтым – словы Аляксандра Лукашэнкі, што ён можа застацца на трэці тэрмін выклікалі нежартоўны розгалас у беларускім грамадстве? Чаму наагул сталася актуальнай тэма датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў ? І ці гатовая да такога павароту падзеяў беларуская апазыцыя? Над гэтым у нядзельнай перадачы “Праскі акцэнт” разважаюць міжнародны каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў і намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG