Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТУГАЛІЯ НАСТОЙВАЕ НА РАЗЬВЯЗАНЬНІ КАНФЛІКТУ ВАКОЛ МІСІІ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ. ЗША СКЕПТЫЧНЫЯ ШТО ДА ЗАЯВАЎ ЛУКАШЭНКІ ПРА ГАТОВАСЬЦЬ ДА ПЕРАМОВАЎ


Вольга Караткевіч, Прага

Сёньня першы дзень сустрэчы міністраў АБСЭ. Пытаньне місіі ў Менску не ўваходзіць ў афіцыйную праграму, хаця арганізатары падкрэсьлілі яго надзвычайную важнасьць. Міністар замежных справаў Партугаліі – а Партугалія зараз старшынюе ў АБСЭ – Антоніў Мартыньш да Круш заявіў, што аднаўленьне місіі ў Беларусі павінна быць адным з галоўных пытаньняў сустрэчы ў Порту. “Я спадзяюся, што будзе знойдзенае рашэньне праблемы”, – сказаў да Круш пасьля сустрэчы з расейскім міністрам замежных справаў Ігарам Івановым і дадаў, што прысутнасьць беларускай дэлегацыі на чале зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым – добры знак.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, Міхаіл Хвастоў правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Партугаліі да Крушам. Заплянаваныя таксама перамовы з Генэральным сакратаром АБСЭ Янам Кубішам.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі каардынатар АБСЭ ў партугальскім міністэрстве замежных справаў Руі Алейшу сказаў журналістам наступнае: беларускія дыпляматы паабяцалі, што вельмі хутка прадставяць прапановы афіцыйнага Менску пра новы мандат місіі. Алейшу адзначыў, што гэта абнадзейвае, і дадаў, што паколькі Менск плянуе перамовы па ўсіх кірунках – улучна з паўнамоцтвамі і працягам будучага мандату – канчатковага рашэньня ў Порту ня будзе. Крайнім тэрмінам дыпляматы называюць 19 сьнежня, калі пачнуцца калядныя сьвяты – тэрмін прэзыдэнцтва Партугаліі ў АБСЭ скончыцца з пачаткам новага году. Сама Партугалія вельмі спадзяецца на прагрэс у гэтым пытаньні, і на гэта яшчэ раз зьвярнуў увагу прадстаўнік АБСЭ Рычард Мэрфі:

(Мэрфі: ) “АБСЭ гатовая і хоча рухацца ў любым момант. Нашае кіраўніцтва шмат разоў гаварыла, што мяч на беларускім баку. Але мы паўтараем, што гатовыя рухацца ў гэтым пытаньні…”

Адзін з дыпляматаў АБСЭ паведаміў Радыё Свабода, што праблема місіі АБСЭ ў Беларусі будзе ўздымацца і на наступным тыдні, і адзначыў, што ўжо Партугалія пачала на гэтым тыдні на вельмі высокім узроўні перамовы пра місію ў Менску.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка даручыў Хвастову зрабіць заяву пра гатовасьць Беларусі да перамоваў з АБСЭ пра мандат групы і працу місіі, а таксама паабяцаў візы для супрацоўнікаў АБСЭ, якія пажадаюць прыехаць у Менск.

Дзярждэпартамэнт ЗША даволі скептычна ацаніў заявы беларускага лідэра: маўляў, невядома ці заявы Лукашэнкі паспрыяюць аднаўленьню працы місіі і ці за гэтымі заявамі адбудуцца станоўчыя дзеяньні. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту таксама адзначыў, што амэрыканскі бок вітае факт аднаўленьня місіі, але Беларусь павінная кіравацца палітыкай лібэралізацыі, павагі да правоў чалавека і разьвіваць дачыненьні зь міжнароднай супольнасьцю дзеля заканчэньня самаізаляцыі.

І крыху словаў пра канфлікт вакол самой місіі. Апошнія супрацоўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ пакінулі Менск – ім не працягнулі візы. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што місія была прытулкам для беларускай апазыцыі і што яе супрацоўнікі займаліся падрыўной дзейнасьцю.

Пад эгідай АБСЭ праводзіліся міжнародныя канфэрэнцыі і дэбаты пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, дыпляматы спрабавалі пасадзіць за адзін стол апазыцыю і прадстаўнікоў уладаў, місія рыхтавала рэкамэндацыі адносна стандартаў выбараў у Беларусі. Нагадаю, так званы Нацыянальны сход не прызнаны легітымна абраным, як і выбары прэзыдэнта летась не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі.

Асаблівая атака была і застаецца на былога кіраўніка місіі нямецкага дыплямата Ганса Георга Віка. Ужо амаль год як Вік пакінуў Беларусь, а Беларускае тэлебачаньне паказвае яго ў рэпартажах пра супрацоўніцтва прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з заходнімі разьведчыкамі. Прыезд новага кіраўніка, таксама немца Эбэргарда Гайкена зацягнуўся, бо беларускі бок не задавальняе фармат місіі АБСЭ ў Менску. У выніку канфлікту 14 краінаў АБСЭ і ЗША вырашылі не выдаваць візаў Аляксандру Лукашэнку і яшчэ сямі афіцыйным асобам.

Учора прадстаўнік амэрыканскай амбасады ў Маскве заявіў, што ЗША не плянуюць зьмяніць сваё рашэньне аб забароне на ўезд у краіну Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 7 высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, нягледзячы на абяцаньні беларускіх уладаў выдаць візы супрацоўнікам АБСЭ.
XS
SM
MD
LG