Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ ПЭСЫМІСТЫЧНА ГЛЯДЗЯЦЬ НА ПЭРСПЭКТЫВЫ ПЛАТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Мае суразмоўцы-пэнсіянэры на адзін голас казалі, што ўся праблема толькі ў грошах — заробках і пэнсіях:

(Пэнсіянэр: ) “У каго ёсьць грошы, таму платнае, канечне, лепш. А ў каго няма грошай? А такіх шмат. Вось мая жонка, учора толькі апэравалі яе. І адразу ж выпхнулі яе — не плаціла. Тыя, што заплацілі, засталіся ў палаце”.

(Пэнсіянэрка: ) “У каго ёсьць грошы, той будзе лекавацца, а астатнія будуць загінацца. Як вось зараз я прасілася, каб мяне перавязалі, сядзела гадзіну. Выпіхваюць з кабінэту, і ўсё — пазалаці ручку”.

(Спадарыня Марыя: ) “У каго ёсьць грошы, тым дапаможа. А нам, пэнсіянэрам, ня сьвеціць платнае. Калі выпісвала я, напрыклад, ад цукровага дыябэту лекі, мне давалі бясплатна. А цяпер тыя лекі, што мне дапамагаюць (глюрынорм называецца), мне іх цяпер не выпісваюць”.

(Спадар Іван: ) “Інвалідам лекі не выпісваюць”.

(Спадарыня Людміла: ) “Дык гэта добра, але грошыкаў не хапае: на лекаваньне, на ежу — не хапае! Плаціць яшчэ не даводзілася. Можа, для кагосьці будзе лепш платнае. Бо мае грошы. А то, і за грошы не падлечысься”.

(Спадарыня Тацяна: ) “Я хацела б, каб нашым пэнсіянэрам мэдыцыну направілі. Мы на сябе заробім”.

Асьцярожных аптымістаў сустрэлася значна менш:

(Хлопец: ) “Усім стане лепш, лекары лепш будуць лекаваць нас. Яны будуць зацікаўленыя, каб лепш лекаваць, таму, што ім заплацяць за гэта. Мусіць быць і бясплатнае, і платнае”.

(Студэнт: ) “Лекі, натуральна, купляў. Бясплатна ж не было”.

Больш сустрэлася людзей працаздольнага веку, якія незалежна ад узросту глядзяць на сытуацыю пэсымістычна:

(Спартовец: ) “Усё як было, так і застанецца. Розьніцы вялікай няма абсалютна”.

(Спадар: ) “Бясплатна не палепшыцца, і платна не палепшыцца. Усё дарагое”.

(Другі спадар: ) “Крыўдна і балюча плаціць і за апэрацыю, і за кропельніцу, і за бінты, і за вату, і за ўсё... Вядома, было б лепш, як раней. Чалавек прыйшоў у шпіталь — у яго ўсё гатовае. Таму выхаду я ня бачу. Таму што такое разьвіцьцё гісторыі”.

Толькі адна жанчына задалася пытаньнем, а куды ўласна скіроўваюцца грошы, якія людзі плацяць за лекаваньне:

(Спадарыня: ) “Больш уважліва будуць ставіцца лекары да пацыентаў. А больш нічога. Таму што ў нас няма лекаў. Я плачу. Флюраграфію рабіла — плаціла, УЗІ рабіла — плаціла, горла лячыла — плаціла. Ня ведаю, куды гэтыя грошы йдуць, але я плачу ў касу”.
XS
SM
MD
LG