Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОМНІК ЯНКУ КУПАЛУ Ў МАСКВЕ БУДЗЕ ЎСТАЛЯВАНЫ ЛЯ ДАРОГІ, ЯКОЙ ПУЦІН ЕЗЬДЗІЦЬ НА ЛЕЦІШЧА


Галіна Абакунчык, Менск

Рашэньне пра ўсталяваньне помніка Янку Купалу ў Маскве пакуль не канчатковае. Праект адпаведнага ўказу чакае зацьверджаньня ва ўрадзе Масквы. Тым ня менш, маскоўскія горадабудаўнікі архітэктурны праект падрыхтавалі з разьлікам на Кутузаўскі праспэкт.

Гэты варыянт не зусім задавальняе беларускіх урадавых чыноўнікаў, як і першы, што прадугледжваў усталяваньне помніка на Міюскім пляцы. Аднак помнік будзе ўзводзіцца на грошы саюзнай дзяржавы, а таму беларусам выстаўляць свае ўмовы не даводзіцца, — кажа дарадца амбасады Беларусі ў Маскве Тамара Гуцава.

(Гуцава: ) “На Міюскім пляцы ўнівэрсытэт, дзе вучыўся Купала, але побач — грамадзкая прыбіральня. Кутузаўскі праспэкт вельмі прыгожае месца, іншая рэч, што машыны міма едуць. Словам, там і там ёсьць плюсы й мінусы. Але галоўны архітэктар Масквы й ягоны першы намесьнік хочуць, натуральна, каб іх работы былі на самым парадным месцы. Яны падаравалі нам помнік Пушкіну, а мы зьбіраемся адліваць помнік Купалу зь іх удзелам. Ёсьць пытаньні?”

Ініцыятары ідэі ўшанаваньня Янкі Купалы — сябры маскоўскай суполкі ТБМ — спачатку прапаноўвалі ўсталяваць помнік каля гатэлю “Масква”, дзе паэт пражыў апошнія дні свайго жыцьця. Гэты варыянт расейскія чыноўнікі адпрэчылі без абмеркаваньня. Два прапанаваныя наўзамен — аднолькава малапрыдатныя, — кажа сябра суполкі Антон Сабалеўскі, але даводзіцца пагаджацца, каб помнік зьявіўся ўвогуле.

(Сабалеўскі: ) “На Кутузаўскім праспэкце — там, канечне, рух вялікі. Якраз Пуцін па ім езьдзіць на фазэнду, я добра ведаю. Грыгор’еў, намесьнік галоўнага архітэктара гораду Масквы, былы менскі архітэктар-герастрат — гэта ён прапанаваў гэтае месца. Але нам ужо любы праект, абы адбыўся гэты помнік”.

Усталяваньне помніка Янку Купалу ў расейскай сталіцы ўключанае ў плян манумэнтальнага будаўніцтва Масквы на 2003 год. Між тым, паводле адмысловай праграмы ўраду Беларусі аб сьвяткаваньні 120-годзьдзя народнага паэта, помнік Янку Купалу мусіў зьявіцца там яшчэ мінулым летам.
XS
SM
MD
LG