Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ МЫТНІКІ КАНФІСКАВАЛІ КНІЖКІ, ЯКІЯ ВЕЗ У ПОЛЬШЧУ ПІСЬМЕНЬНІК ЛЯВОН ВАШКО


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(Вашко: ) “Я ня часта ежджу за мяжу і ня думаў, што беларускія кніжкі проста так не правязеш і іх трэба хаваць. Увагу мытнікаў прыцягнула мая газэта “Дзеячас” і кніжкі “Гістарызацыя сьвядомасьці” і “Маленькі сшытак”. Яны былі выдадзеныя мною асабіста — самавыдавецтвам. Мытнікі вярнулі толькі кніжку, якая выйшла ў дзяржаўным выдавецтве. Яны паводзіліся ветліва, і ў гэтым сэнсе да іх прэтэнзіяў у мяне няма. Але зьдзіўляюць нашыя законы, якія дазваляюць трактаваць пісьменьніка ледзьве не як тэрарыста”.

Лявона Вашка запрасіў беларускі тыднёвік у Польшчы “Ніва”. У гэтыя выходныя ў Беластоку і Гайнаўцы адбудуцца 7-я літаратурныя сустрэчы пад назвай “Бязьмежжа”. Лявон Вашко першы раз запрошаны на гэтае мерапрыемства. Аднак падараваць усе свае выданьні беластоцкім літаратарам яму ня ўдасца.

На мытні сказалі, што потым вернуць кніжкі. Калі толькі яны не нанесьлі шкоды беларускай дзяржаве, — папярэдзілі пісьменьніка.
XS
SM
MD
LG