Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ЛІДЭРЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ЛУКАШЭНКА НЕ СКАРЫСТАЎ ШАНЕЦ ПАЛЕПШЫЦЬ СТАСУНКІ З ЗША


Віталь Цыганкоў, Менск

Амэрыканскія кангрэсмэны спаткаліся з трыма лідэрамі беларускіх апазыцыйных партыяў — Анатолем Лябедзькам, Станіславам Шушкевічам і Сяргеем Калякіным у сталічным гатэлі “Плянэта”. Амэрыканцы наўмысна вырашылі правесьці такую сустрэчу ў публічным месцы, каб ясна і адкрыта падкрэсьліць сваю пазыцыю, каб ніхто ня мог абвінаваціць іх у сакрэтнасьці й закрытасьці.

Найперш прадстаўнікі Кангрэсу ЗША распавялі пра мэты свайго візыту ў Беларусь і пра вынікі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны ставілі за мэту, па-першае, выказаць занепакоенасьць становішчам з правамі чалавека, па-другое — спрыяць аднаўленьню працы місіі АБСЭ, і па-трэцяе — яшчэ раз заявіць пра немагчымасьць кантактаў з Палатай прадстаўнікоў. Вось што гаворыць пра гэта лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Амэрыканцы абсалютна дакладна сказалі наступнае: “Мы ў вельмі яснай форме заявілі Лукашэнку, што кангрэсмэны і сэнатары ніколі ня будуць супрацоўнічаць зь недэмакратычна абраным “парлямэнтам”. Ніякага супрацоўніцтва ні на якім высокім узроўні ў нас ня будзе”. Гэта была іхная дакладная заява”.

Станіслава Шушкевіча асабліва абурыла тое, што паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, “прадстаўнікі заканадаўчай улады ЗША выказалі гатоўнасьць да ўстанаўленьня ў пэрспэктыве адносінаў зь дзейным беларускім парлямэнтам”.

(Шушкевіч: ) “Памятаеце, як выпадкова Клінтан патрапіўся на дарозе Лукашэнку ў Стамбуле? А афіцыйная прапаганда расьпявала, што ён ледзь там зь ім не расцалаваўся. Гэта гебэльсаўская прапаганда — няма ні пачуцьця сораму, нічога іншага”.

Іншы ўдзельнік сустрэчы, старшыня АГП Анатоль Лябедзька дзеяньні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ацаніў наступным чынам:

(Лябедзька: ) “Яны глядзяць на такую сустрэчу не як на мэханізм выхаду Беларусі з самаізаляцыі, а выключна як на PR-кампанію. На вялікі жаль, гэтая мажлівасьць, якая адчыняла перад Лукашэнкам хай там ня дзьверы, хай невялікую фортку для перамоваў, размоваў — ён яе, на вялікі жаль, не скарыстаў. Усё ж стратэгія, якая абраная — гэта самаізаляцыя Беларусі.

Гэта быў “пробны камень” — як адрэагуюць беларускія ўлады. Замест таго, каб спакойна паставіцца да гэтага, прааналізаваць, падумаць, якія крокі трэба зрабіць, каб сюды прыехала ўжо афіцыйная дэлегацыя таго ж Кангрэсу альбо адміністрацыі Буша, яны вырашылі зрабіць танную PR-кампанію. Але гэта не дадало ачкоў ані Беларусі, ані адміністрацыі Лукашэнкі”.

Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што Лукашэнка страціў яшчэ адзін шанец палепшыць стасункі са Злучанымі Штатамі.
XS
SM
MD
LG