Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК РАТУЮЦЦА АД ХОЛАДУ Ў БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ І ІЗАЛЯТАРАХ?


Любоў Лунёва, Менск

З надыходам маразоў вязьні, якія ўтрымліваюцца ў сумнавядомым спэцпрыёмніку на менскай вуліцы Акрэсьціна, пакутуюць ад холаду. Маладафронтаўцы часьцей за астатніх палітвязьняў трапляюць за краты гэтай установы менавіта ў ацяпляльны сэзон. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Паколькі маладафронтаўцы праводзяць сваю акцыю 14 лютага ў зімовы дзень, адбываюцца масавыя “пасадкі”. Нам добра вядома, што творыцца ўзімку на Акрэсьціна. Там халодна. У тых камэрах, якія знаходзяцца ў кутах і лічацца “невываднымі”, звычайна скразіць і зь дзьвярэй, і з вокнаў. Тым больш кепска адчуваюць сябе тыя, хто лёгка апрануты. Зэкі гуртуюцца, прыціскаюцца адзін да аднаго, каб было цяплей. Цесната тут — пазытыўны фактар. Канечне, хочацца сьвежага паветра. Гэта зразумела, тым больш, што ў камэрах паляць, недахоп кіслароду, немагчыма рухацца… Але звычайна сьвежага паветра “палітычныя” не атрымліваюць”.

Намесьнік начальніка спэцпрыёмніка Міхаіл Шабанаў лічыць, што паколькі няма скаргаў, то й усё добра.

(Шабанаў: ) “Я раніцай абыходжу ўсе камэры. Ніхто ж ня скардзіцца”.

Камэры сьледчых ізалятараў перапоўненыя арыштаванымі. Тут ужо многія гады парушаюцца санітарныя нормы, катастрафічна не хапае месцаў. Але ўзімку задуха і перанаселенасьць часткова кампэнсуюць недахоп цяпла. Асабліва цяжка прыходзіцца тым, хто трапляе ў штрафны ізалятар — карцэр.

Валеры Шчукін утрымліваўся ў Менскім СІЗА на Валадарцы і ў Жодзінскім СІЗА.

(Шчукін: ) “Вельмі кепска тым, хто ўтрымліваецца ў карцэры. Карцэр у Жодзіна, дзе мяне трымалі дваццаць сутак, знаходзіцца ў падвале. Ніякага ацяпленьня няма. Больш таго, тых, каго там утрымліваюць, распранаюць амаль дагала. Застаецца толькі танюсенькая спэцвопратка. Прамерзлыя нары ля сьцяны. Кладзесься на нары ўвесь прамерзлы наскрозь. Уначы спаць немагчыма, а днём спаць не даюць. Гэта ўжо сапраўднае катаваньне. Я гэта адчуў на сваёй скуры”.

Пэнітэнцыярныя ўстановы ў Беларусі апынуліся на мяжы выжываньня. Праблемы з харчаваньнем, вопраткай, няма грошай, каб плаціць за электрычнасьць і цяпло. Вязьні Валадаркі адзначаюць, што сёлета напачатку зімы ў камэрах значна халадней, чым у мінулыя гады.
XS
SM
MD
LG