Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЖЛІВАЯ ВАЙНА ЗЬ ІРАКАМ МОЖА КАШТАВАЦЬ АМЭРЫЦЫ НАВАТ ЕЙНЫХ СЯБРОЎ


Юры Сьвірко, Прага

Вайна ЗША зь Іракам можа яшчэ больш узмацніць і без таго значныя антыамэрыканскія настроі, якія за апошнія гады ўзрасьлі ў шмат якіх мусульманскіх краінах, а таксама аддаліць амэрыканцаў ад некаторых іхніх традыцыйных саюзьнікаў. Гэта засьведчыла ўсясьветнае дасьледаваньне цэнтру П’ю й газэты “International Herald Tribune”, падчас якога апыталі 38 тысячаў чалавек у 44 краінах. Вайна з Багдадам выклікае моцную апазыцыю ў мусульманскіх краінах, хаця некаторыя зь іх, як чакаецца, могуць адыграць важную ролю на баку ЗША.

Напрыклад, туркі, якія скептычна ставяцца да амэрыканскіх матываў што да Іраку, у сваёй большасьці (больш за 80%) выступаюць супраць любога выкарыстаньня турэцкіх вайсковых базаў для вядзеньня вайны з Багдадам. Туркі лічаць, што ЗША хочуць пакараць непакорную мусульманскую дзяржаву, а не прынесьці ў рэгіён стабільнасьць і бясьпеку.

Тэракты 11 верасьня 2001 году супраць Злучаных Штатаў выклікалі шырокае спачуваньне за мяжой. Аднак, як паказвае дасьледваньне цэнтру П’ю, пераважная большасьць французаў і немцаў, а таксама расейцаў, у той жа час выступае супраць выкарыстаньня сілы для таго, каб зрынуць ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна.

Сярод дасьледаваных мусульманскіх краінаў толькі народы Ўзбэкістану й Малі падтрымалі вайну супраць тэрарызму. Былы дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт, якая ачольвае адзін з праектаў П’ю заявіла, што “трэба зрабіць страшна вялікую працу, каб мы зразумелі ісьлям і каб мусульманскія нацыі зразумелі, што такое мы”.

У краінах Цэнтральнае Эўропы колькасьць тых, хто прыхільна ставіцца да ЗША, сёлета зьменшылася. Калі 2 гады таму прыхільнікаў Злучаных Штатаў у Славаччыне было 74%, у Чэхіі 77%, а ў Польшчы – 86%, дык сёлета гэтыя лічбы зьменшыліся: у Славаччыне на 14%, у Чэхіі на 6%, а ў Польшчы на 7%.

Зусім іншая карціна назіраецца ў Расеі ды Ўкраіне. Колькасьць украінскіх прыхільнікаў ЗША павялічылася з 70% да 80%, а ў Расеі – амаль на чвэрць. Калі ў 1999-2000 гадох свае сымпатыі да ЗША выказвалі толькі 37% апытаных расейцаў, дык сёлета – ужо 61%. Газэта “International Herald Tribune”, якая называе гэты рост вялікім, адзначае блізкае асасбістае сяброўства паміж прэзыдэнтамі Ўладзімерам Пуціным і Джорджам Бушам.

Дасьледчыцкі цэнтар П’ю таксама прасіў рэспандэнтаў ацаніць іхнае жыцьцё цягам наступных 5 гадоў. У дзяржавах Усходняе Эўропы самымі аптымістычнымі выявіліся ўкраінцы: толькі 17% ацанілі сваю будучыню дрэнна, а роўна палова апытаных – добра. У расейцаў 13% пэсымістаў і 43% аптымістаў. А самыя кепскія прагнозы давалі чэхі: чвэрць апытаных чакаюць горшага, і толькі траціна – лепшага жыцьця. У Беларусі цэнтар П’ю сваё дасьледаваньне не праводзіў.


Пра стаўленьне беларусаў да ЗША і пра зьмены гэтага стаўленьня можна меркаваць на падставе ўскосных дадзеных. Паводле апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у кастрычніку 2001 году, празь месяц пасьля тэрарыстычнай атакі 11 верасьня амаль дзьве траціны апытаных назвалі яго жахлівай трагедыяй для Амэрыкі, а 31% апытаных, адказалі, што ЗША атрымалі належнае за тое, што ўплішчваюцца ў чужыя справы.

У сёлетнім красавіку на пытаньне, ці ўяўляе для Беларусі пагрозу зьяўленьне амэрыканскіх войскаў у краінах Цэнтральнай Азіі, меркаваньні падзяліліся амаль пароўну – 37% апытаных сказалі, што бачаць у гэтым пагрозу, 39% апытаных далі супрацьлеглы адказ.

Гэтыя дадзеныя дазваляюць зрабіць выснову, што антыамэрыканскія настроі дастаткова распаўсюджаныя ў Беларусі, але яна ня ёсьць лідэрам паводле ўзроўню гэтых настрояў сярод іншых краінаў сьвету.
XS
SM
MD
LG