Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЙСКАЯ “DIE PRESSE”: НА СУСТРЭЧЫ Ў ПОРТУ МЕНСК МОЖА ПАЙСЬЦІ НА КАМПРАМІСЫ


Ул. інф.

Як піша “Die Presse”, сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі будзе нададзенае адно з цэнтральных месцаў на саміце АБСЭ. Паводле выданьня, “аўтакрат Лукашэнка выставіў місію АБСЭ з краіны і цяпер трэба будзе весьці актыўныя перамовы адносна яе вяртаньня назад”.

Аглядальнікі не выключаюць аднаўленьня дыскусіяў адносна ўвядзеньня новых, жорсткіх правілаў гульні ў дачыненьні да Беларусі накшталт таго, як гэта ў свой час было зроблена ў адносінах да былой Югаславіі. Аднак, зазначаюць аўтары публікацыяў, рэжым Мілошавіча адрозьніваўся больш цяжкімі парушэньнямі правоў чалавека, і таму беларуская сытуацыя, хутчэй за ўсё, ня стане падставай для таго, каб сяброўства Менску ў АБСЭ было спыненае.

“Die Presse” спасылаецца на размовы з такімі дасьведчанымі экспэртамі ў беларускім пытаньні, як былы кіраўнік КНГ у Менску Ганс-Георг Вік і цяперашні амэрыканскі амбасадар Майкл Козак і робіць выснову пра пачатак істотных зьменаў у палітычных настроях беларускага грамадзтва.

Спадар Вік спадзяецца на стварэньне на Захадзе пэўнага палітычнага кола ў падтрымку будаўніцтва ў 10-мільённай краіне грамадзянскай супольнасьці. Спадар Козак выказвае меркаваньне наконт таго, што афіцыйным Менскам далёка ня ўсё згублена, а таму Захад зусім не зьбіраецца канчаткова зачыняць дзьверы для беларускага кіраўніцтва. У тым выпадку, калі ўлады гатовыя “да правядзеньня грунтоўных рэформаў у краіне, мы заўсёды гатовыя дапамагчы ім”, — сьцьвярджае ў інтэрвію выданьню амэрыканскі дыплямат.

На чым грунтуюцца меркаваньні заходніх аналітыкаў адносна зьменаў палітычных настрояў у беларускім грамадзтве? Чаму, паводле экспэртаў, большая частка лукашэнкавага электарату ўжо не падтрымлівае свайго лідэра?

“Die Presse” спасылаецца на аргумэнты Ганса-Георга Віка, пэдалючы пры гэтым ягоны статус як экс-шэфа нямецкай выведкі БНД. Аргумэнты наступныя: колькасьць прыхільнікаў прэзыдэнта зьнізілася вельмі істотна, з 50% да 27%; зь іншага боку, большая частка беларусаў пазытыўна ставіцца да апошніх патрабаваньняў Эўразьвязу. Размова ідзе пра свабоду СМІ ў Беларусі, улучна з правам апанэнтаў рэжыму на выступ у электронных дзяржаўных мэдыях, пра дэмакратычныя выбары, пра безумоўнае разьвіцьцё апазыцыі й шырокія правы парлямэнту.

Як піша “Die Presse”, гэта ўжо ёсьць міні-лібэральнай дэмакратычнай рэформай, зь якой большасьць беларусаў згодная. Іншымі словамі, грамадзянская супольнасьць пусьціла трывалыя карані ў гэтай 10-мільённай краіне, і таму насельніцтва пачало рухацца ў крыху іншым кірунку, чым прэзыдэнт.

Паводле выданьня, беларускі электарат ўсё болей усьведамляе, што ў выніку пашырэньня НАТО і Эўразьвязу на Ўсход геапалітычная сытуацыя ў краіне зьменіцца фундамэнтальна. Тыя шматлікія недзяржаўныя арганізацыі, якія былі створаныя падчас дзейнасьці ў Менску місіі АБСЭ, сёньня ахапілі большую частку грамадзтва. Да 80% беларусаў сёньня хочуць быць больш-менш незалежнымі ад дзяржавы.
XS
SM
MD
LG