Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПРАДЭМАНСТРАВАЎ “ПАЛІТЫКУ НІЖЭЙШАГА ГАТУНКУ”


Валер Каліноўскі, Менск

Паведамленьне прэсавай службы А.Лукашэнкі пра вынікі перамоваў з амэрыканскімі кангрэсмэнамі Куртам Вэлданам, Роскаў Барлетам і сэнатарам Конрадам Бёрнсам супадала зь іх асабістай ацэнкай гэтай падзеі, выказанай журналістам у аэрапорце, хіба што толькі ў пляне канстатацыі самога факту такіх сустрэчаў.

Амэрыканскія дэпутаты былі надзвычай сьціплыя ў сваіх выказваньнях, яны спрабавалі толькі ўрэгуляваць пытаньне зь візамі для супрацоўнікаў місіі АБСЭ ў Менску. Яны адмыслова абыходзілі вострыя пытаньні журналістаў пра асабістыя ўражаньні ад асобы А.Лукашэнкі, пра ягоны намер балятавацца на трэці тэрмін, ягоныя сувязі з Іракам. Гэта падавалася спадаром Вэлданам як спроба “пачатку канструктыўнага дыялёгу”.

Таму для яго сталася абсалютнай нечаканасьцю, што прэсавая служба А.Лукашэнкі ацаніла гэтыя перамовы як “пачатак новай эры ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях”. Па БТ і ў афіцыйных газэтах было заяўлена, што амэрыканскія дзелавыя колы “крайне зацікаўленыя” ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю, і што прадстаўнікі Кангрэсу ўжо цяпер гатовыя ўсталяваць адносіны з парлямэнтам Беларусі.

Пры гэтым у прэзыдэнцкай адміністрацыі праігнаравалі істотную агаворку — гэта магчыма пры ўмове вольных і справядлівых выбараў у Беларусі. Прэсавая служба А.Лукашэнкі таксама паведаміла, што кангрэсмэны маюць намер рэкамэндаваць адміністрацыі ЗША і Дзярждэпартамэнту адмяніць візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да высокіх беларускіх чыноўнікаў, пры гэтым зноў жа прэсавая служба А.Лукашэнкі забылася ўказаць умову — калі будуць выдадзеныя беларускія візы ўсім супрацоўнікам місіі АБСЭ ў Беларусі й самой арганізацыі, якія пажадаюць гэтага.

І нарэшце прэсавая служба А.Лукашэнкі заявіла, што кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі Курт Вэлдан нібыта падкрэсьліў, што “А.Лукашэнка абраны чэсным і дэмакратычным шляхам і прыўнес новыя павевы ў разьвіцьцё краіны”.

Даведаўшыся пра такую ацэнку сваіх перамоваў з А.Лукашэнкам, кангрэсмэн Курт Вэлдан быў вельмі зьдзіўлены. Ён папрасіў амбасаду ЗША ў Беларусі распаўсюдзіць тэкст ягонай заявы на гэты конт. Спадар Вэлдан катэгарычна абверг інфармацыю, што ўтрымлівалася ў гэтым паведамленьні прэсавай службы А.Лукашэнкі.

Цытую заяву кангрэсмэна Вэлдана: “Я жахаюся, як мог быць зроблены такі бессаромны крок і абнародаваная такая абуральная хлусьня. Многія палажэньні, агучаныя ў прэс-рэлізе, сапраўды, прапаноўваліся беларускім бокам, але былі катэгарычна адкінутыя”. Тое, з чым амэрыканскія кангрэсмэны сутыкнуліся ў Менску, Курт Вэлдан назваў “палітыкай ніжэйшага гатунку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG