Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАСТОЦКІ ЖУРНАЛІСТ ЮРКА КАЛІНА ПРЭЗЭНТУЕ ФІЛЬМ “ПАГОНЯ ЗА ПРАЎДАЙ”


Ганна Соусь, Менск

Дакумэнтальны фільм Юркі Каліны “Пагоня за праўдай” атрымаў у лістападзе Гран-пры на міжнародным конкурсе “Рress Freedom Awards” у Вене, які ладзіла міжнародная асацыяцыя “Рэпартэры бязь межаў”. Юрка Каліна — беларус, ён карэспандэнт Польскага тэлебачаньня, працуе й жыве ў Беластоку. “Пагоня за праўдай” — ня першы ягоны фільм пра Беларусь.

(Каліна: ) “Я займаюся рэдагаваньнем беларускамоўных перадачаў на Беластоцкім тэлебачаньні, і час ад часу проста раблю фільмы пра Беларусь і пра беларусаў. І калі гэтае магчыма, то ня толькі пра беларусаў у Польшчы, але й за мяжой. Два гады таму мы езьдзілі ў чарнобыльскую зону й зрабілі фільм “Чарнобыльцы”. А тры месяцы таму зрабілі фільм “Пагоня за праўдай” пра сытуацыю зь незалежнымі СМІ ў Беларусі.

Пачаткам была справа “Пагоні”. Мы хлопцаў з “Пагоні” ведалі, можа, гадоў пяць, таму што Беласток ад Горадні — 70–80 кілямэтраў. Час ад часу нехта езьдзіў з камэрай і запісваў асобныя падзеі — закрыцьцё газэты, пасьля прысуд, потым — зьняволеньне. І на гэтай падставе, паколькі ёсьць матэрыял, які можна выкарыстаць, і знайсьці шырэйшы агляд сытуацыі зь незалежнымі СМІ ў Беларусі, і атрымаўся фільм”.

У жніўні фільм “Пагоня за праўдай” дэманстраваўся на першым канале польскага тэлебачаньня і выклікаў шырокі розгалас сярод гледачоў. Тады “Пагоню за праўдай” паглядзелі й многія гарадзенцы, якія маюць магчымасьць прымаць у сваім горадзе польскія тэлеканалы.

(Каліна: ) “Я хацеў паказаць польскаму гледачу, у якіх умовах працуюць сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі. Пачаткам была справа “Пагоні”, але сюжэт разгортваецца — прыклады закрыцьця незалежных радыёстанцыяў, газэтаў Беларусі, зьнікненьне людзей, якія працавалі ў незалежных СМІ. І такая карцінка атрымалася...”

(Карэспандэнтка: ) “Ці спадзяецеся Вы, што калі-небудзь гэты фільм будзе паказаны па Беларускім тэлебачаньні?”

(Каліна: ) “Вы жартуеце цяпер. Я думаю, што я зрабіў бы ўсё мажлівае дзеля гэтага, але паколькі разумею, што гэта немагчыма, то гледачы Беларусі яго не пабачаць”.

Дарэчы, Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка ўжо бачылі гэтую стужку напярэдадні свайго ад’езду на “хімію” ў Асіповічы й Жлобін. Юрка Каліна не выключае, што ў фільму “Пагоня за праўдай” можа быць працяг.

Сёньня разам зь Юркам Калінам у памяшканьні Беларускага ПЭН-Цэнтру фільм прадстаўлялі апэратар Раман Васілюк і гукарэжысэр Войцэх Цыванюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG