Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ КАНГРЭСМЭНЫ СПРАБАВАЛІ ПЕРАКАНАЦЬ А.ЛУКАШЭНКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Амэрыканскія кангрэсмэны-рэспубліканцы Курт Вэлдан, Роскаў Барлэт і сэнатар Конрад Бёрнс учора прыбылі ў Менск на запрашэньне А.Лукашэнкі. Іх лёгкі самалёт “Гальфстрым-3” спыніўся на суткі ў аэрапорце беларускай сталіцы па дарозе ў Маскву. У кангрэсмэнаў адбыліся дзьве сутрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам: першая ўвечары 3 сьнежня падчас супольнага абеду, які доўжыўся чатыры гадзіны, і сёньняшняя ранішняя, амаль дзьвюхгадзінавая.

Асноўная тэма дыскусіі — магчымасьці спыненьня так званай “візавай вайны” паміж Беларусьсю і АБСЭ ды краінамі Захаду.

Кангрэсмэн Курт Вэлдан пасьля гэтых перамоваў заявіў пра магчымасьць ажыцьцяўлення “дзёрзкага пляну” — адмены візавых абмежаваньняў з абодвух бакоў, зь якім, паводле ягоных словаў, пагадзіўся А.Лукашэнка:

(Вэлдан: ) “Мінулым вечарам і гэтым ранкам падчас перамоваў ён зрабіў заяву, якую я ахарактарызаваў бы як згоду на новы рашучы крок з боку Беларусі — даць візы ўсім супрацоўнікам АБСЭ і іншым афіцыйным асобам, якія плянавалі б свой прыезд у Менск для ўрэгуляваньня сытуацыі, і такія перамовы маглі б прайсьці ў сьнежні”.

Кангрэсмэны сказалі А.Лукашэнку, што адразу пасьля таго, як афіцыйныя прадстаўнікі АБСЭ атрымаюць беларускія візы, яны зьвернуцца да прэзыдэнта ЗША і Дзярждэпартамэнту з прапановай адмяніць візавыя абмежаваньні для беларускага кіраўніцтва. Спадар Вэлдан заявіў, што пасьля гэтага могуць пачацца перамовы аб мандаце місіі АБСЭ ў Беларусі “у рамках калектыўна прынятага рашэньня краінаў АБСЭ”, — гэта значыць, дэклярацыі Стамбульскага саміту.

Прадстаўнікі парлямэнту ЗША казалі А.Лукашэнку, што гатовыя заклікаць амэрыканскія кампаніі інвэставаць у Беларусь, а таксама ўсталяваць адносіны паміж Кангрэсам і беларускім парлямэнтам у выпадку правядзеньня ў Беларусі свабодных выбараў. Гаворыць кангрэсмэн Вэлдан:

(Вэлдан: ) “Мы прыехалі як сябры беларускага народу і жадаем, каб Амэрыка, Беларусь ды іншыя краіны станавіліся лепшымі партнэрамі. Мы хочам абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з правамі чалавека, свабодаў, вольных выбараў, эканамічнага супрацоўніцтва, падтрымкай у ахове здароўя, але ўсе гэтыя рэчы магчымыя, калі мы зробім першыя некалькі крокаў — адменім візавыя абмежаваньні”.

Амэрыканскія дэпутаты не задавалі А.Лукашэнку вострых унутрыпалітычных і замежнапалітычных пытаньняў (у тым ліку аб супрацоўніцтве Менску і Багдаду).

Першая рэакцыя А.Лукашэнкі на перамовы з кангрэсмэнамі была нечакана пазытыўнай: ён заявіў, што ўсім прадстаўнікам АБСЭ, якія жадаюць прыехаць у Менск для перамоваў пра мандат місіі (хоць ста асобам) візы будуць выдадзеныя неадкладна.

Неўзабаве ў Менску чакаецца прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ, а 6–7 сьнежня міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў накіруецца на сустрэчу з калегамі з краінаў-сяброў АБСЭ ў Порта.
XS
SM
MD
LG