Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКАМ ДАЗВОЛІЛІ НЕ АДКАЗВАЦЬ НА ЛІСТЫ ГРАМАДЗЯНАЎ


Ігар Карней, Менск

У бальшыні дзяржаўных установаў загад Лукашэнкі прынамсі ўдвая скараціць дакумэнтаабарот ўспрыняты са зьдзіўленьнем: ступень бюракратызацыі, якая засталася ў спадчыну ад савецкага часу, не дазваляе чыноўнікам імгненна спыніць папяровы паток. Нядаўна прызначаныя Лукашэнкам кантралёры без папярэджаньняў распачалі адмысловыя рэйды, а некаторыя дзяржаўныя прызначэнцы ўжо пакараныя за тое, што ня здолелі спыніць вал пісьмовай карэспандэнцыі.

Многія кіраўнікі ўжо адрапартавалі, што ліставаньні спыненыя. Прыкладам, паводле графіку абавязацельстваў Канстытуцыйнага суду, зараз 90% складае карэспандэнцыя, якая паступіла, і толькі 10% прыпадае на адказы — тады як раней прапорцыя складала прыблізна 50 на 50. Новую дыспрапорцыю назіральнікі тлумачаць тым, што чыноўнікі папросту перасталі дасылаць адказы на скаргі ды запыты.

А вось у іншым судовым ведамстве, Вышэйшым гаспадарчым судзе, пакуль да такого радыкальнага кроку не гатовыя. Там кажуць, што маюць справу выключна з працэсуальнымі дакумэнтамі, і ігнараваць іх — злачынна ў дачыненьні да звычайных людзей. Гаворыць супрацоўніца суду Натальля Грыбанава:

(Грыбанава: ) “Сам загад дзяржаўным органам істотна скараціць дакумэнтаабарот можа ўспрымацца хіба з удакладненьнем — “для ўнутранага карыстаньня”. Усіх трасуць за тое, што паступае вялікая колькасьць карэспандэнцыі. А якія лісты трапляюць у суды? Гэта ж усё пазовы! Адпаведна, і назад высылаюцца працэсуальныя дакумэнты — вызначэньні, рашэньні, загады. Як наагул можна абмежаваць дакумэнтаабарот, і асабліва зьнізіць колькасьць уваходных карэспандэнцыяў? Павесіць абвесткі на дзьвярах, што не прымаем пазовы, альбо не прымаем скаргі?”

Дагэтуль у дзяржаўных ведамствах кіраваліся законам “Аб зваротах грамадзянаў”, які абавязваў дзяржаўныя структуры ў пісьмовым выглядзе даваць адказ на заявы й скаргі людзей. Зараз чыноўнікі атрымалі магчымасьць не ўступаць у ліставаньне, матывуючы гэта загадамі Лукашэнкі і ўраду пра згортваньне пісьмовых кантактаў.

Некаторыя шараговыя грамадзяне ўжо адчулі абыякавасьць з боку дзяржаўных службоўцаў. Пэнсіянэрка Ірына Гуран цяжка хварэе і хадзіць па дзяржаўных установах ня здольная найперш фізычна. І калі на папярэднія запыты яна рэгулярна атрымлівала адказы, то ейныя апошнія лісты засталіся без увагі.

(Гуран: ) “Я стары зусім чалавек і хадзіць асабліва не магу. Так атрымалася, што ў нас памерла дачка, а сьледам за ёй на працы ў аўтакатастрофе загінуў зяць. Застаўся 12-гадовы сын, мой унук. Быў суд, але ніякай грашовай дапамогі да 18 гадоў яму не прысудзілі. Ужо колькі часу я нічога не магу дабіцца. Грошай, каб падаць на паўторны суд, няма. Хацела схадзіць да Лукашэнкі, каб дапамаглі даплатай, але ўсюды адмаўляюць, і нічога не магу дабіцца. Няма грошай, няма нічога. А я хачу справядлівасьці, хачу дабіцца дзеля сваіх сіротаў таго, што ім належыць паводле закону”.

Паводле высноваў прэзыдэнцкіх кантралёраў, загад Лукашэнкі пра рэзкае скарачэньне паперавытворчасьці выконваецца пакуль не напоўніцу. А таму, прагназуюць аналітыкі, курс на згортваньне ліставаньняў з суб’ектамі гаспадараньня і фізычнымі асобамі будзе захаваны.
XS
SM
MD
LG