Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ АМЭРЫКАНСКАГА КАМІТЭТУ НАТО БРУС ДЖЭКСАН НА ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫІ ПАДВЁЎ ВЫНІКІ СВАЙГО ВІЗЫТУ Ў БЕЛАРУСЬ


Віталь Цыганкоў, Менск

“Адна з мэтаў нашага візыту — зразумець, ці гатовае беларускае кіраўніцтва ўспрыняць, так бы мовіць, “званок будзільніка”. Трэба бачыць, што гістарычнага часу няшмат, і магчымасьць далучыцца да новай Эўропы ня будзе працягвацца бясконца”, — заявіў сёньня журналістам Брус Джэксан.

Як мы паведамлялі ўчора, спадар Джэксан — вельмі ўплывовая фігура ў рэспубліканскай партыі ЗША, стваральнік “Праекту для пераходных дэмакратыяў”. У 1996 годзе спадар Джэксан стаў адным з заснавальнікаў “Амэрыканскага камітэту НАТО” — некамэрцыйнай арганізацыі, накіраванай на прасоўваньне ідэяў пашырэньня НАТО і ўмацаваньня сувязяў паміж ЗША і Эўропай.

Падчас свайго візыту ў Беларусь Джэксан спаткаўся зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым і міністрам абароны Леанідам Мальцавым. Дарэчы, даволі паказальна, што высокія афіцыйныя асобы Беларусі пагадзіліся сустрэцца з кіраўніком няўрадавай арганізацыі. Старшыня Амэрыканскага камітэту НАТО падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад гэтых сустрэчаў.

(Джэксан: ) “Мы мелі працяглыя размовы зь міністрам замежных справаў і міністрам абароны. Міністар замежных справаў напэўна заявіў, што Беларусь пацьвярджае сваю гатовасьць да дыялёгу з Эўрапейскай супольнасьцю. Міністар разумее, што часткай гэтага дыялёгу павінны быць нейкія мэханізмы пераменаў, трансфармацыі. Я бы назваў добрай навіной тое, што абодва міністры разумеюць, што Беларусь загнала сябе ў кут. Абодва міністры прысьвяцілі дастаткова часу і дэтальна абмяркоўвалі гэтую тэму. Яны выказаліся, што ўрэшце Беларусь магла б рабіць свой унёсак у атлянтычную бясьпеку, аднак пры выкананьні пэўных, як гэта называю, парогавых умоваў”.

Брус Джэксан таксама падкрэсьліў, што калі Беларусь будзе адпавядаць асноўным крытэрам і нормам, яе інтэграцыя ў Эўропу пойдзе нашмат хутчэй, чым Расеі. “Беларусь мае эўрапейскую культурную традыцыю, яна можа быць вельмі зразумелай эўрапейскай краінай”, — лічыць спадар Джэксан.

Аднак зноў, як і ўчора падчас сваёй лекцыі, Брус Джэксан падкрэсьліў, што гэта выключная справа народу Беларусі — вызначаць свой лёс. “Калі вы жадаеце стаць новай Альбаніяй альбо новым Калінінградам — гэта ваш выбар… Аднак сэнс усіх пасланьняў, якія ідуць сёньня ў Менск з Брусэлю, Вашынгтону, Страсбуру — паказаць, што зараз надзвычайны пэрыяд, і таму ўсе шляхі пакуль яшчэ адкрытыя”, — лічыць спадар Джэксан.
XS
SM
MD
LG